Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 6
Янка Брыль
— I пра мяне ён напісаў, — гартаў кнігу Мікола. — Глядзі вось, верш «Я шавец-маладзец». I пра цябе напісаў. Пра цябе і пра маму тваю. Вось паглядзім. Ага! Ну, слухай.
Гэта была размова беднай маці-сялянкі з хлопцам сваім, які пасвіў чужыя каровы.
У хлопца было тое, чаго ў Даніка ніколі не будзе, — бацька і браты. Было і тое, чаго ў Даніка яшчэ няма, — служба ў чужых людзей… Было, аднак, і галоўнае, што радніла Сівага з тым пастушком, — горкая доля.
Мікола чытаў, стоячы сярод хаты:
Ну, і галоўнае, што ты, браце Даніла, запамятай назаўсёды:
Вось так, брат, і запісана. Зразумела?
У адказ Данік змог вымавіць толькі сваё «ыгы». За яго адказала маці.
— Як жа хораша, Божачка, — уздыхнула яна. — Чула, Алена, га? — спытала ў Міколавай маці, якая таксама не прала, а слухала.
— Ну, што, Данік, — сказаў Мікола, — хочаш вось так навучыцца чытаць?
— Ыгы!
— Калі «ыгы», дык ідзі цяпер і вучы сваю храпку, а ўвечары прыходзь.
I вось быў вечар, у які яшчэ адзін заходнебеларускі пастушок з мужыцкай прагнасцю на ўсё жыццё запамінаў трыццаць дзве літары ўжо не чужое граматы. I была пасля вечара ноч, у якую ў старой, занесенай снегам хаціне доўга не мог заснуць маленькі чалавек.
4
…Данік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі. Праўда, вучыцца «па-панску» з кожным годам як быццам лягчэй. Ужо і сам пан Цаба гаворыць з імі толькі па-польску. Вось і цяпер ён тлумачыць ім нешта, але Сівы не чуе, бо задумаўся.
Ад невясёлых думак ён абмакнуў у чарніла тупы канец алоўка і напісаў на парце: Д. Малец. Па-беларуску, вядома. Настаўнік заўважыў гэта і паставіў «грамацея» ў куток.
Малец думае пра настаўніка. «Панскі падліза», — кажуць у вёсцы пра Цабу.
Пакуль Данік так думаў, стоячы на каленях, гасцінцам з мястэчка брыла па адліжным снезе Акуліна. У старых салдацкіх валёнках, засопшыся, яна несла з пошты вялікі пакунак. Вось яна мільганула ў акне… у другім…
— Кніжкі! Кніжкі нясе! — загаманілі дзеці.
Акуліна ўнесла пакунак, напусціла з двара холаду, навалакла шлапакамі снегу.
— Ух, панок! — уздыхнула яна, папраўляючы хустку. — Хай іх нечага ліха! Наце вам і запіску яшчэ.
— А ты не лайся, дурніца. Ідзь прэч!
Акуліна згорбілася і пайшла.
— Ну, вось, — сказаў настаўнік. — Вось вам і тое, чаго так хацелася вашым бацькам. Тутай сон белоруске элемэнтажэ «Зорка». Хто з вас умее ўжо чытаць па іх?
Данік азірнуўся. Ды і азірацца не трэба, — і так чуваць, як загаманіў, узняў рукі ўвесь клас:
— Я! Я! I я!..
— Праве ўшысцы, — загугніў пан Цаба. — Ну, што ж, пшынаймней, не тшэба мне будзе лішне заўрацаць сабе галаву.
Ён памаўчаў.
— А хто ж вас навучыў? — спытаўся.
Аказалася — каго бацька, каго нават маці, каго — старэйшы брат, а трох — Яна Бусліка, Уладзімежа Чарадоўлу і Шымона Мамоньчыка, як называў іх настаўнік, — навучыў Данель Малец.