Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 5

Янка Брыль

У школу Данік спазніўся. Пан Цаба паставіў яго ў куток на калені. Гледзячы на сцяну, пакалупаную ў гэтым месцы пазногцямі і пакрэмзаную алоўкамі яго папярэднікаў, Сівы думаў пра тое, што цяпер там, за гарою. Там, дзе два Палуяны сустрэлі Міколу. Эх, вось дзе, мусіць, бамберыць недзе па іх спінах булава! Гэта ім не да мяне ды не да мамы мае чапляцца!.. Гэта ж ім не хто-небудзь — Мікола!..

Такі сябар можа і ведае ўсё. Ён і пра «храпку» гэтую скажа.

Данік хуценька апрануўся і пабег да Кужалевічаў.

Аднак і Мікола не змог яму нічога адказаць. Паклаўшы на лаву свой малаток і бот (Мікола яшчэ і шавец!), ён узяў Данікаў «элемэнтаж» і пачаў думаць уголас:

— Конская мыза — храпа. Калі гразь замерзне нагалік, без снегу, — таксама гаворым храпа… Але гэтая «храпка» тут, брат, не падыходзіць… А ў што ты, калі рыбу вудзіш, угортваеш сваіх печкуроў? У анучку. Можа, яна і па-польску трапка, га?

Сівы шмаргануў носам і на момант задумаўся. У іх толькі Іван Цярэшкавых рыбу ў анучку ўгортвае. Але ў яго і плоткі бываюць, і акуні.

Данік рабіў інакш. Ён выпіваў з бутэлькі малако, а тады, як толькі зловіць рыбку, — туды яе, у бутэльку. Аднаго за адным упіхваў цераз рыльца слізкіх, халаднаватых печкуроў, часта мяняў ім ваду, а яны ўсё чамусьці пазяхалі. Сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць… Жуюць, жуюць — пакуль, нарэшце, не падохнуць…

— Ды не, дзядзька Мікола, — сказаў ён, — храпка — гэта не ануча. Анучка па-панску — шматка. Мы ёю ў школе дошку выціраем…

— Ну, дык я, брат, не ведаю. Я, брат, у іхнюю школу і дня нават не хадзіў.

— А што ж настаўнік? — азвалася з-за прасніцы Данікава мама. — Што ж яму — толькі грошыкі аграбаць?

Стары Кужалевіч, дзядзька Рыгор, ляжаў на печы, лапцямі на хату. Здавалася — спіць, адно ж паварушыўся і кажа:

— А пакіньце вы з гэтым настаўнікам! Які ён паляк! Ён жа з Бярозаўкі. Ведаю я і бацьку яго, і самога. З багатай хаты, нічога не скажаш. У Нясвіжы вучыўся, па-руску. А цяпер вось у панскую скуру палез. Ужо, бачыш, і паню сабе падхапіў, ажаніўся. Сястра, кажуць, нейкага паліцыянта. Угрунтаваўся добра. А нашага брата, калі каторы і вучоны, настаўнікам, нябось, не паставяць. Ды не кожны і захоча, як гэты Цаба. Храпка, шмапка… Калецтва адно! Хутчэй бы на іх які парадак рабіўся. То пан паліцэйскі, то пан саквестратар, то пан які-небудзь Цаба — усе на нашу мужыцкую шыю…

Данік глядзеў на Міколу. Сябар яго ўстаў, падышоў да паліцы і зняў з яе нейкую кнігу.

— Гэта Купала, — сказаў ён. — Той самы, што і пра Машэку напісаў. Памятаеш? — падмаргнуў ён Даніку.

— Ыгы, — таксама па-змоўніцку ўсміхнуўся Сівы, успомніўшы пра бязмен.