Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 8
Янка Брыль
— Панскі падліза… Запрадаўся з душой… I Міколу прадаў…
Гэта — пра Цабу. Так гаварыла ўся вёска.
5
Сонца, мароз і вецер. Эх, завірыў, разгуляўся!.. Так і скрабе па хрупкім снезе, так і падвільвае белымі вужакамі снежнага пылу. Гоніць яго па полі, цераз гасцінец, зноў па полі, па хмызняках і — пад саменькі лес. А сонца такое, што не зірнеш на снег!..
Ад сонца Даніку не цёпла — цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы, ён дрэпае ззаду за мамай і глядзіць на пяткі яе лапцей. Мама шырока ступае, спяшаецца за дзядзькам Кастусём і з-пад вялікай хусткі-канаплянкі глядзіць на дзядзькавы боты.
…Дзядзька Кастусь, мамін старэйшы брат, прыйшоў да іх сёння з Мікуліч. I думае ён цяпер пра тое, як гэта раптам, знячэўку, пашанцавала ягонай сястры. Дзевер яе, брат Данікавага бацькі Пятрусь Малец, прыслаў ім грошай. З Мінска ажно, з-за граніцы. Там ён недзе жыве, відаць, як чалавек, бо — дайце раду! — адразу гэтулькі грошай прыслаў… Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў — мікалаеўскім золатам. Ну, а на панскія злоты — яшчэ ў чатыры столкі больш. Як з неба гэта звалілася… I піша Пятрусь Малец, што гэта — пляменніку яго, Данілу, каб вучыўся. «Сыну брата майго Івана, які аддаў жыццё за Савецкую ўладу», — так і піша — у заказным пісьме… Як яно пойдзе цяпер сястры пры грошах?.. На добры лад, дык трэба б хоць паўморга зямлі абзадачыць або каня якога, нарэшце, купіць. Ды што ты зробіш, калі дзевер загадвае хлопца вучыць?..
Сама Мальчыха, дык тая проста аслупянела ад шчасця. Учора, як прынеслі з пошты пісьмо і павестку, загаварыла ўся вёска. I «з таго мэнту», як кажа Зося, думкі ў яе галаве блытаюцца адна за адну, а іх раз-поразу прадзімае вялікая радасць. Грошай раптам будзе столькі, што і ў галаву не тоўпіцца.
Страшна было б адной і ісці па іх. Кастусь, дзякуй яму, ідзе. Паслухаў. Ён то, нябось, разбярэцца ўсюды! Ды і свой сынок таксама. Бачыш, жаба, упёрся — «пайду». Трэба ж яму апрануцца што-небудзь купіць…
Прыпыніўшыся, Зося азіраецца і з усмешкай пытае свайго гаспадара:
— Ідзеш, Даніла?
— Іду, іду, — адказвае Сівы. I вочы яго ажно пабліскваюць з-пад башлыка.
Данік таксама думае.
Яму ўжо адзінаццаць. Ужо другі год хлопец сядзіць у трэцім класе. Што, хіба ён вучыцца дрэнна? Ды не! Цяпер ужо не толькі ўся школа, а ўся Галынка ведае, што ён, Зосін Данік, вучыцца лепш за ўсіх. Найбольш чытае — і беларускіх, і рускіх, і польскіх кніжак, абы дзе якую дастаў. А вось застаўся ў трэцім класе на другі год. Хто ведае — можа, і яшчэ год будзе сядзець… Такі ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзіць у школу да чатырнаццаці год — плаці штраф або адседжвай у каталажцы пры гміне. За ўсё адседжваюць людзі — за падаткі, за штрафы, калі няма чым заплаціць. Дзеду Раману прыйшло ад сына з войска даплатное пісьмо, дык ён і за даплату гэтую прасіўся адседзець. Маме ні штрафу плаціць, ні адседжваць, вядома, не хочацца, дык вось Данік і ходзіць другую зіму ў трэці клас. Ісці ў чацвёрты, у местачковую школу, — і няма за што, і няма ад каго. Трэба ж і маме дапамагаць. Шэсць чужых кароў і сваю Рагулю пасе ён улетку.