Читать «Сірочы хлеб» онлайн
Янка Брыль
Янка Брыль
Сірочы хлеб
Аповесць
(Скарочана)
1
…Данік, як і кожны з малых, меў не адну, а некалькі мянушак — то Сівы, то Гусак, то Манька… Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Гусаком — таму, што калісьці, яшчэ пазалетась увосень, хлопцу нагнаў страху стары Міронаў гусак, Манькай у іхняй вёсцы называюць левую руку, а Данік хацеў чамусьці быць ляўшою і ўсё страшыў, крычаў: «Вось як дам табе з манькі!..» На кожную з гэтых мянушак можна было адказаць любому з сяброў таксама мянушкай, а то і пабіцца. Зрэшты, не ўсе мянушкі аднолькава прыжываюцца. З трох першых мянушак, з якімі Данік уступаў у жыццё, да хлопца прыліпла толькі адна — Сівы, і за яе Данік амаль не злаваўся.
Была, аднак, яшчэ і чацвёртая мянушка… Жабраком называлі яго толькі Палуянавы хлопцы, Шурка і Павел. I сам стары Палуян не раз крычаў цераз плот на Данікаву маці: «Жабрачка ты! Я цябе з адной кішэні магу купіць з усёй тваёй паршывай гаспадаркай!..»
У Палуяна — многа поля і кожны год служыць парабак, а ў Зосі, Данікавай мамы, нават каня свайго няма. Да таго ж яшчэ Зося — удава, а Марка Палуян — начальнік на ўсю Галынку — солтыс.
— Не чапайся ты з імі, няхай іх, — вучыла Зося свайго хлопца. — Не чапай, у іх бацька.
Данік быў сірата. Бацьку яго забілі на вайне з польскімі панамі, у дваццатым годзе. Хлопчык яшчэ зусім няшмат разумеў у тым, хто такія паны і чаму яго тата не хацеў іх пусціць сюды, у Заходнюю Беларусь. Данік ведаў адно — тата быў вельмі вясёлы і добры. Нібы праз сон успамінаецца, — у шэрым шынялі, з чырвонай зоркай на шапцы, тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніка на руках… Мама кажа, што бацька, калі наша армія гнала паноў на захад, толькі «вады напіцца» забег. Пайшоў, а назад не вярнуўся… Не вярнуўся дадому і татаў брат, дзядзька Пятрусь. Ды ён жывы, — недзе за граніцай, у Савецкім Саюзе. Ёсць у Даніка і другі дзядзька, мамін старэйшы брат, але ён — у суседняй вёсцы Мікулічах, і яму не заўсёды паскардзішся, — трэба абараняцца самому.
Неяк на пашы солтысаў Шурка першы палез да Сівага, — перабраў усе яго мянушкі, а ўжо калі дайшоў да апошняй, Данік не вытрымаў і сцебануў салтысёнка пугай. Шурка разроўся і пабег ад свіней да чарады кароў, дзе быў іх Павел. Той, ужо здаровы бэйбус, заўсёды біўся кіем па галаве. Убачыўшы, што ад кароў бягуць абодва Палуянчыкі, Данік пабег у вёску. Яны яго, можа, і не дагналі б, але Павел папаў яму сухой грудкай у патыліцу, і Данік заплакаў. Быццам адразу зразумеў, што ворагі — вось-вось, мама яшчэ не чуе яго, а самому ўжо забівае дух…
Каля Мікітавых гулялі, бо гэта было ў нядзелю.
— Ага яго! — крыкнуў на Даніка здаравенны Сымонішын Васіль і затупаў «на страх» вялізнымі ботамі. Рагочучы, ён злавіў хлопчыка, і, пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве.
— Прыдурак ты! — загрымеў на Васіля другі дзяцюк, Мікола Кужалевіч. Меншы і маладзейшы за Васіля, Мікола штурхануў гэтага здаравілу ў грудзі і замахнуўся: — Табе б вось самому па сківіцах! Каму ты памагаеш, асталоп?! А ты, кулацкая гніда! Вось я табе!..