Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 4
Янка Брыль
На гэтай «храпкэн» Сівы і засеў. Што гэта за «храпка»? Думаў, думаў — дарэмна. Успамінаў, успамінаў… Не, настаўнік не гаварыў ім нічога пра гэтае слова. У мамы не спытаешся: яна пайшла з кудзеляй. Ды, зрэшты, колькі ў яе ні пытайся, толькі і будзе адказу: «А Багі яго ведаюць! Адчапіся. Што я табе — пані ці настаўніца? Бабуля твая, нябожчыца, пакаёўкай у пана была: тая табе адказала б!..»
Раптам Данік успомніў, у каго сёння маці з кудзеляй, і ўсё яму стала ясна. Ну, калі не адразу цяпер, дык хутка будзе ясна, — вось толькі ён пойдзе туды, да Кужалевічаў, ды пакажа гэтую «храпкэн» сябру свайму — Міколу.
Мікола — сябар Даніку? Вялікі дружыць з малым?.. А што ж тут дзіўнага? Пасябравалі яны… Хто яго ведае калі — ці тады, летась вясною, як Мікола абараніў яго ад салтысёнка, ці тады, як і Данік дапамог Міколу? Відаць, і тады, і тады.
Месяцы тры таму назад, увосень, хлопчык бег з пашы дахаты. Іван Цярэшкавых, з якім ён «пускаўся ў школу», прыйшоў з першай змены і пусціў Даніка на другую. Сівы спяшаўся, трусіў подбегам, а тут, з загуменнай дарогі, што за капуснікамі, нехта гукнуў яго:
— Данік! — і памахаў рукою.
Ён пазнаў, хто яго кліча, і пабег па капусце туды.
Пачаўшы ад дарогі новую баразну, Мікола сядзеў на плузе і курыў.
— Вось што, браце Даніла, — сказаў ён. — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Збегай ты да нас у адрынку, дзе я сплю… Глядзі толькі, каб маці мая не ўбачыла. I вазьмі ты там, у кутку каля дзвярэй, адну штуку. Схавай толькі, каб ніхто не бачыў…
Данік пабег. Зайшоў у двор да Кужалевічаў з загумення. Азіраючыся, адчыніў адрынку і ўбачыў у кутку каля дзвярэй стары бязмен з булавешкай, але без кручка, на якім падвешваюць тое, што важаць. Больш нічога ў кутку не было. Значыцца — трэба ўзяць гэта. Хлопчык схаваў бязмен пад кашулю, высунуў галаву з дзвярэй на двор, азірнуўся ва ўсе бакі і, колькі духу, памчаўся па сцежцы на загуменне, а там — па дарозе да Міколы.
— Ну, вось, — усміхнуўся яго абаронца. — Давай сюды. Гэта, брат, тая самая булава, з якой яшчэ асілак Машэка ваяваў з панамі. I я тут гэтай штукай не каня паганяцьму. Яму ўжо і булава не паможа…
Хлопчык глядзеў то на аратага, то на худога, як драч, каня, то зноў на аратага… Той самы Мікола — добры, вясёлы, чубаты дзяцюк, якога ён бачыў і босага, і ў лапцях, і ў ботах, — здаўся цяпер малому такім здаравенным і страшным з гэтай сваёй булавою… Страшным, вядома, для тых, хто не сябруе з Міколам, як Данік.
— З-пад кашулі ідзі пад кашулю, — усміхнуўся Мікола, затыкаючы бязмен за пояс. — А ты, браце Даніла, толькі маўчы пра гэта. Я не разбойнік. Я толькі тут успомніў пра гэты бязмен. Там, за гарою, — ён паказаў рукой на ўзгорак, за якім цягнулася вузкая, недаараная паласа, — там чакаюць мяне. Макар Палуян захацеў надаваць жабраку Кужалевічу. Адзін пан солтыс баіцца, дык брата паклікаў. Таго, што ў прымах жыве, у Мікулічах. Між сабою, кулаччо, грызуцца, а на нашага брата — разам. Сядзяць там недзе ды пакурваюць, чакаюць… Нічога, пакажу ім бязмен — не палезуць. Ну, ты ідзі, брат, бо ў школу спознішся. Гэй, гняды, пацягнулі!..