Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 7

Янка Брыль

— Ты? — спытаўся пан Цаба. — Ану, устань!

Данік устаў і павярнуўся да класа.

— А хто цябе навучыў? Ну, чаго ты ўнурыўся?

Сівы маўчаў, толькі глядзеў на пана спадылба.

— Не повеш? — зноў па-польску спытаўся пан Цаба. — Не повеш? Мысліш, я сам не вем? Ідзь зноў да свэго конта!…

Данік павярнуўся і, па прывычцы, стаў на калені.

Ён не сказаў, не назваў свайго сапраўднага настаўніка. I не скажа. Не пану аб гэтым казаць!..

Чатыры месяцы прайшло з таго дня, калі ў іхняй Галынцы, як і ва ўсіх навакольных вёсках, быў сход, на якім сяляне дамагаліся ад паноў школы на роднай беларускай мове.

У тую нядзелю ў школе было паўнютка людзей. За сталом сядзеў пан Цаба, яшчэ два нейкія паны з мястэчка і пан паліцыянт. Не хто-небудзь іншы, а ён, Данікаў друг Мікола Кужалевіч, паказваў панам вялікі, складзены ўдвая ліст паперы. На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — ПРАТЭСТ.

— Мы, сяляне вёскі Галынка, — чытаў Мікола, — заяўляем пратэст супраць таго, каб нашы дзеці вучыліся не на роднай мове, і патрабуем адкрыць у нас беларускую школу…

Данік ведаў — не хто-небудзь іншы, а ён, Мікола, пісаў гэты пратэст. А падпісала яго ўся вёска — з канца ў канец. Нават і солтыс, Марка Палуян, падпісаў. Маўчаў, чакаў, а ўсё ж такі падпісаўся. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Недзе там, каля самага пачатку, стаяць і маміны крывыя тры крыжы. Пад імі — рукою Міколы — напісана: За непісьменную, па яе просьбе, падпісаўся, а яшчэ ніжэй — рукою Даніка — Д. Малец.

На сход, у школу, малых не пусцілі. Нават ад вокнаў Цаба адганяў. Вокны былі адчынены, і ўсё чуваць было здалёк. Зрэшты, Данік схаваўся за бярозай перад акном і самае важнае бачыў.

— Не трэба нам панская школа. Яна не маці для нашых дзяцей, а мачыха. Ды і мачыхі бываюць куды лепшыя! Не трэба нам і настаўнік, што за аб’едкі з панскага стала запрадаўся панам з душою! Не хочам мы і парадкаў такіх, калі на нашага брата глядзяць, як на быдла, калі кожны цябе папіхае нагою, нібы свіную ражку!.. Мы заяўляем пратэст!..

Так гаварыў тады Мікола. Так гаварылі і другія хлопцы і мужчыны.

Паны маўчалі. Цаба сядзеў чырвоны, як бурак, і толькі соп у сваю дзюбу. I паліцэйскі маўчаў, аберуч трымаючыся за стрэльбу, сціснутую каленьмі.

Нешта праз месяц Міколу забралі. Той самы паліцыянт, а з ім яшчэ адзін гналі яго па вёсцы ўранні, калі малыя ішлі ў школу. I нельга было, вядома, падбегчы да сябра, шапнуць: «Можа, прынесці табе тое, Мікола, што стаіць у вашай адрыне ў кутку каля дзвярэй? Я пабягу…» Нельга было сказаць, бо паліцэйскія адганялі іх, адзін нават крыкнуў:

— Большэвіцкэ шчэнента! Прэч! I вам до вензеня захцяло сен?..

Данік, разам з іншымі хлопцамі, ішоў за імі воддаль, там, дзе ішла, галосячы, цётка Алена, Міколава маці.

Цяпер, стоячы ў кутку на каленях, Данік то думае, то нават шэпча: