Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 3
Янка Брыль
Настаўнік, яго ў вёсцы называлі пан Цаба, Даніку не вельмі падабаўся.
Неяк улетку яны, пастушкі, спаткалі яго на пашы. Ішоў ён з-пад рэчкі з трыма вудамі, са збанком і з нейкай торбай за плячыма. Школьнікі, а з імі і меншыя хлопцы паскідалі шапкі і, адзін перад адным, як гусі, загаманілі: «Дзень добры! Дзень добры!..» Спыталіся нават, ці хутка ўжо ў школу.
— Яшчэ будзе тры нядзелькі ды тады ў чвартэк, — сказаў настаўнік.
Потым пан Цаба паглядзеў на Даніка і спытаўся па-беларуску:
— А чый гэта такі Іванка, га?
— Ён не Іванка, ён Данік, — адказалі старэйшыя хлопцы. — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата.
— Дык, значыцца, ты — пан Даніла Малец, — засмяяўся настаўнік. — Ты таксама прыйдзеш вучыцца. Ходзь ту, не буй сен. — Ён узяў хлопца за плячук і падцягнуў бліжэй да сябе. — А які ж ты, пане Малец, сівы, мурзаты, нястрыжаны!..
Пастушкі засмяяліся.
— Ну, дык хочаш вучыцца?
Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў:
— Ыгы.
— Не ыгы, а хачу. А рыбу вудзіш?
— Хачу.
Дзеці зноў засмяяліся. А чаго? I пэўна ж, хочацца з вудай на рэчку, але рэчка далёка за пашай, на лузе, і не заўсёды можна туды пайсці.
У руцэ пана Цабы пагойдваўся жоўты збанок, падвязаны за шыйку вяровачкай. Сівы цікнуў у яго раз, другі раз і, нічога не ўбачыўшы, спытаўся:
— Што там?
— Рыба, — адказаў настаўнік. — Не пашанцавала мне сёння, пане Даніла Малец, аднаго толькі акунька ашукаў.
— А чаму ж у торбе поўна?
— У торбе? Там сон руўнеж рыбы.
— А вы ж кажаце — толькі адну злавілі.
— Ну адну. А гэтыя купіў.
— Дзе купілі?
— Дзе? У склепе, ктуры называ сен Немэн. Ха, ха, ха!.. Не, злавіў усе, пане Малец, толькі адну нясу жывую.
— А чаму вы ілжаце?
— А што, ты ніколі не ілжэш?
— Ыгы.
— Бачыў ты яго — ыгы. Ну, што ж, пане Малец, я табе за гэта ксёнжку дам, калі прыйдзеш у школу. З цацкамі.
На развітанне хлопцы зноў паздымалі шапкі і, адзін перад адным, загаманілі: «До відзэння! До відзэння!..» А Данік стаяў разгублены, не ведаючы — верыць ці не верыць?.. I неяк прыкра было, невядома чаму…
3
Пан Цаба не ашукаў, — як толькі Данік прыйшоў у школу, ён даў і яму кніжку з цацкамі і неяк смешна назваў яе — «элемэнтаж».
Літары даліся хлопцу няцяжка. Толькі з дзвюма з іх Данік, як і ўсе іншыя навічкі, меў многа клопату. Нейкае «а з хвосцікам» і «э з хвосцікам»; першае трэба вымаўляць, як «не то а, не то он», а другое — «не то э, не то эн»… Так муштраваў іх настаўнік. I вымаўляць удавалася толькі яму. Малыя неўзабаве вырашылі, што тут уся справа ў носе — які ў каго нос. У пана Цабы нос быў доўгі, чырвоны, і настаўнік гугніў у яго неяк вельмі ж адмыслова. А ў іх яно так не выходзіла гладка — ні «он», ні «эн»…
Пасля пачалі складаць з літар словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»… Мама і тата — таксама як і ў нас. Анеля — гэта імя дзяўчынкі. Такой дзяўчынкі ва ўсёй Галынцы не было, і таму Данік назваў Анеляй іхнюю пярэстую, вельмі ж пацешную цялушку.
Неяк зімой, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі, як ён рабіў цяпер, ужо не пасучы, заўсёды. Мамы не было дома. Ён сам дастаў з печы капусту, з паліцы — хлеб, пад’еў, прыбраў са стала і разгарнуў «элемэнтаж». Пачаў чытаць вершык, які трэба было вывучыць на памяць. У вершыку польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. А потым: