Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 2

Янка Брыль

Павел і так ужо адышоўся, а цяпер — пабег, агрызаючыся, да хаты.

Мікола адвёў Даніка пад плот і пасадзіў на траве.

— Нічога. Ты, брат, не плач, — гаварыў ён прыгнуўшыся. — Вырасцеш — мы ім пакажам. Твой бацька быў герой, і ты не плач.

Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся.

— Пайдзі да студні… — пачаў ён і нечакана змоўк.

Сівы глядзеў яму ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма.

— Пайдзі да студні, выцягні вады і прымачы…

— Грай польку! — пачулася за спіной у Міколы. Гэта быў голас таго ж Васіля.

Мікола пакінуў хлопца каля плота і вярнуўся ў круг.

— Грай, Сцяпан, — сказаў ён гарманісту, — ды толькі не для яго. Дурня трэба, хлопцы, правучыць.

— Правільна, Мікола! Байкот яму сёння! — пачуліся галасы. — Не ідзіце з ім гуляць, дзяўчаты! Не бойцеся, не зачэпіць!

— Ды што вы, хлопцы! — апраўдваўся Васіль. — Няўжо вы думаеце, што я хацеў, каб ён яго ўдарыў? I не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці!

— I не сыходзь, — сказаў Мікола, — пастой ды падумай, чаго табе трэба хацець, чаго — не.

Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах.

Маме нехта наказаў, і вось яна прыбегла. Ужо іграў гармонік, і моладзь гуляла польку, з тупатам уздымаючы пыл. Данік ужо не плакаў, а яна ўзяла яго, як малога, на рукі і, хоць ніхто не чуў яе, спачатку люта кляла Палуянаў, а потым да хлопца:

— Ціха ты, ціха, сынок. Не чапай ты іх, я ж гаварыла, няхай іх свая кашуля не чапае. Ціха…

I ён заплакаў зноў, — усё ж такі дзіця.

Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы ўжо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся.

2

Свайго поля было ў іх няшмат: для такой жняі, як Данікава мама, няма дзе і разгарнуцца. Зося хадзіла ў зажон. Жала чужое, думала пра сваё… А пад восень зрабіла тое, пра што думала, — купіла свайму хлопцу боцікі. Першыя ад роду.

Прынесла іх увечары з мястэчка — чорненькія, бліскучыя, з чырвонымі падэшвамі. I абцасы, і ранты блішчаць, бо насмолены!.. Выйшла, праўда, няладна: бот да бота былі прычэплены дратвай, і са спеху Данік не дратву парваў, а прарваў у адной халяве дзірачку. Мамінага «чымборыка» на гэты раз Сівы нават і не пачуў.

Усю ноч не далі яму заснуць гэтыя новыя боты. Яны віселі, як спакуса, на жэрдцы над палком, на якім хлопец спаў, і, каб не дзірачка ў халяве, гэтак добра было б думаць, што ён ужо вырас вялікі, што ўжо вельмі хутка, праз тры толькі дні, ён пойдзе ў першы клас!

Школа стаяла наводшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Сама старая і ў акружэнні старых бяроз, што засланялі яе ад зімовых вятроў. Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы. Не раз вясною ён глядзеў, як дзеці, што ўжо вучыліся, праскрабалі гэтыя дарожкі ў мураве, пасыпалі іх жвірам і абсаджвалі касачамі. А ўсярэдзіну школы, дзе вучацца, так дагэтуль яму і не ўдалося прабрацца.