Читать «Хата з ясенем пад вокнамі» онлайн - страница 3

Аляксандр Капусцін

Вяскоўцы дзівіліся, губляліся ў здагадках: што здарылася? Не чуваць жа было, ці каб пасварыліся, ці хто паганцам якім стаў... Цярэшка, калі ў яго з мужчын хто пытаў, толькі сумна, вінавата ўсміхаўся і паціскаў плячамі:

— У Мані спытай. Яна ж ад мяне пайшла, а не я ад яе...

Жанчыны былі больш цікаўныя i настырныя, то з аднаго боку падступаліся да Мані, то з другога:

— Такога мужыка адцурацца! Ён што, знюхаўся з кім ці, можа, рукі на цябе клаў?

Вусны Маніны балюча ўздрыгвалі:

— Што я магу сказаць кепскага на свайго мужа?..

Тады хітрэйшая каторая мяняла ход:

— Яны пакуль хлопцамі — дык усе добранькія. А як ажаніліся, узялі сваё, яго, іншага, быццам падмянілі. Былы мужык твой, Маня, грошай, можа, табе не даваў?

— Ты ж сама гаворыш — былы. Дык што я магу сказаць кепскага пра чужога чалавека? — Маніны вочы зацягваліся павалокай слёз.

Пры сустрэчах былыя муж і жонка стрымана віталіся:

— Добры дзень, Маня.

— Добры дзень, Цярэшка.

— Як сын?

— Прыйдзі паглядзі.

I абое стрымлівалі цяжкія ўздыхі, якія рвалі грудзі.

3 цягам часу па вёсцы пачалі распаўзацца чуткі, што чортава Маня пасварылася з Цярэшкам з-за бога.

Маці яе пайшла на той свет, калі дзяўчынка толькі пачала хадзіць у школу. Была яна сектанткай. Паміраючы, як цяпер прыгадалі людзі, наказвала малой: «Глядзі, дачушка, жыві з богам у душы, з якім нарадзілася». I дамаглася ў дзяўчынкі клятвы, што яна, калі вырасце і народзіць дзяцей, ахрысціць іх у сектанцкага прэсвітэра.

Цяпер Маня адступіцца ад клятвы не магла, а Цярэшка не мог з гэтым згадзіцца.

Усю сваю любоў i ласку, якой у яе хапала на мужа i сына, жанчына аддавала цяпер дзіцяці. «Цярэшачка мой ненаглядны, саколік шызакрылы! Расці здаровы i дужы, як... як тата твой. I вочкі твае ясныя няхай заўсёды свецяцца радасцю, і кудзеркі на тваёй галоўцы няхай так буйна кучаравяцца, як у таты...» Часам здавалася, што яна, гаворачы гэтыя словы да сына, бачыла лерад сабой мужа. Стары Халімон, калі яму выпадала глядзець на дачку ў такія мінуты, скрушліва хітаў галавой і казаў, каб пераключыць яе ўвагу на іншае:

— А ў свеце чула што робіцца? Газеты пішуць, у Сібіры вунь новы горад пабудавалі. — I дадаваў: — Людзі не спяць у шапку.

Так ён заўсёды заканчваў кожную сваю думку, якую лічыў грунтоўнай i важнай. «Людзі не спяць у шапку» — было яго любімае выслоўе.

Малы Цярэшка ўжо борзда тэпаў па зямлі моцнымі цыбатымі нагамі, калі пачалася вайна. Ганяўся на двары за курамі, цягаў за сабой дзедаву лугу. Дзед, прыйшоўшы з работы, даваў яму пугу пазабаўляцца і казаў:

— На, чалавек, паганяй каня. Вырасцеш — будзеш, можа, як дзед твой, зямлю араць, хлеб сеяць. На хлебе, унучак, усё на гэтым свеце трымаецца.

Хлапчук пазіраў на старога няўцямнымі даверлівымі вачанятамі, і пунсовыя пухлыя вусны яго ціхутка паварушваліся. Ён быццам паўтараў у думках незразумелыя дзедавы словы, якія той неаднойчы казаў яму: «Чуеш, як вунь птушка на яблыньцы звініць-спявае? I ў полі ж, унучачак, птушкі так заліваюцца ў паднябессі. Падвясельваюць чалавека, каб яму спарней працавалася. Чалавек і птушка спрадвеку ў згодзе жывуць. Вунь чуеш? Цілі-цілі — цюр-р!..»