Читать «Хата з ясенем пад вокнамі» онлайн - страница 6

Аляксандр Капусцін

— Я вінаваты. — I несуцешна каючыся, усё паўтараў: — Я, я, я...

Вольга ўсхліпнула:

— Ён жа ўсё пытае ў мяне, дзе мама. Жаласна так пазірае пільнымі вочачкамі, быццам здагадваецца праўсё, і — дзе мама, дзе мама?.. «Заўтра, дзіцятачка, прыйдзе, кажу, мама твая». А ў самой душа заходзіцца... Вой-вой, як жа ёй страшна было — нажом сабе ў сэрца! Дык жа яшчэ страшней было — каб жывой не схапілі...

Цярэшка асцярожна ўзяў яе за плечы:

— Ты ўжо, Вольгачка, паглядзі малога, пакуль што.

— А як жа, не сумнявайся, Цярэшачка, што маім будзе, тое i яму.

Ён парывіста паднёс яе руку да вуснаў, моцна пацалаваў. Яшчэ хвіліну паглядзеў на сына і пайшоў у цёмную, нямую трывожную ноч.

Праз месяц Вольга дачулася, што Цярэшка загінуў. Пасля смерці Мані ён стаў як утрапёны. У кожным баі, у кожнай сутычцы з немцамі ці паліцаямі люта кідаўся ў самае пекла. Вераснёўскай ноччу яго падрыўная трупа ўзарвала поезд, які вёз гітлераўцам на фронт баявую тэхніку. Стомленыя партызаны вярталіся ў лагер. Ужо не дужа далёка было да лагера, калі іх на аўтамашынах і матацыклах дагналі карнікі. Сталі акружаць. Ця­рэшка загадаў сваім таварышам адыходзіць у глыб лесу, а сам застаўся прыкрываць іх. Адстрэльваўся з аўтамата, пакуль не апусцелі дыскі. Тады размахнуўся гранатай, ды кулі прашылі яму грудзі. Яго, ужо мёртвага, фашысты ўсяго скалолі штыкамі.

У той дзень, калі Вольга даведалася пра гібель Цярэшкі, да яе прыехала на лядашчым каньку старая Маніна цётка з Вербавіч.

— Забяру хлапчука, маладзічка, — прагаварыла яна, глытаючы слёзы і выціраючы вочы ражком хусткі. — Табе сваіх жаўтаротых карміць трэба, а я адна, выгадую крывінку...

У канцы вайны яна памерла, і малога Цярэшку аддалі ў дзіцячы дом.

***

Млеў надвячорак гарачага жнівеньскага дня. На лавачцы каля падворка ў цяньку сядзела старая жанчына. Каля яе весела забаўляўся са сваім «грузавіком» шустры хлапчук. Бойка тараторыў, задаючы бабулі розныя свае дзіцячыя пытанні, на якія яна ледзь паспявала адказваць. Над галавой у яго пырхаў чырвона-жоўты матылёк. То апускаўся, то ўзлятаў угору. 3 падваротні, як клубочак, выкульнуўся рабы шчанюк, стаў лашчыцца каля малога. Хлапчук лёгенька гулліва тузануў яго за адвіслае вуха і радасна засмяяўся.

Да бабулі з унукам падышоў высокі, сярэдніх гадоў мужчына ў форме чыгуначніка, з чорным бліскучым чамаданчыкам-«дыпламатам». Прывітаўся. Хлапчук паглядзеў на яго, перавёў позірк на «дыпламат», і цёмныя вочкі-жучкі засвяціліся дзіцячай зайздрасцю. Мужчына ўсміхнуўся:

— Добры дзень табе, малец. — Падаў малому руку. Той выцер аб штонікі замурзаныя ў пясок пальцы, размахнуўся і ляпнуў па шырокай далоні.

— Чамаданчык мой спадабаўся табе? Ну, зараз мы там нешта пашукаем. — Чыгуначнік шчоўкнуў бліскучымі замкамі і працягнуў хлапчуку ку­лёк з цукеркамі,— Як цябе завуць?

— Цялэшка.

— Ого, дык мы з табою цёзкі! Вось што, цёзка, ты памый спачатку рукі, потым возьмется за цукеркі. Добра?

— Добла, — кіўнуў галавой хлапчук. Забыўшыся на сваю машыну, прыпусціўся ў двор.