Читать «Хата з ясенем пад вокнамі» онлайн - страница 5

Аляксандр Капусцін

Маня быццам не так словамі ўпрошвала, як нейкай пякучай трывогаю i болем, што мардавалі яе душу і чуліся ў іх.

— Пагляджу, Манечка, пагляджу, а ты не тарнуйся так, не спяшайся. — Вольга кінула на крэсла фіранку, працягнула рукі да дзіцяці. — Ідзі да мяне, Цярэшачка, мама хутка вернецца, ідзі.

Маня моцна пацалавала сына, аддала суседцы.

— Пабудзь, сыночак, з цёцяй, я хуценька вярнуся, i мы тады з табок» будзем у козлікі гуляць.

Хлапчук няўцямна, з недзіцячай сур’ёзнасцю моўчкі глядзеў то на маці, то на цёцю, якая пяшчотна прыціскала яго да сябе.

Не азіраючыся, Маня ледзь не подбегай выскачыла з хаты.

Апоўдні на чыгунцы ва ўрочышчы Ласіны Горб прагрымеў выбух. Поезд, які ішоў на ўсход, спускаючыся з пад’ёму, наскочыў на міну. 3 высокага адкосу паляцела амаль палова саставу.

А пад вечар у вёску панаехала на машынах немцаў. На вясковай плошчы яны скінулі з машыны Маню i тры бервяны. У грудзях у Мані тырчаў вялікі сталовы нож, вочы былі расплюшчаны і нерухома невідушча пазіралі ў блакітнае неба.

Засіпелі пілы, заляпалі сякеры, майструючы шыбеніцу. Карнікі сагналі на плошчу ўсіх, хто не паспеў схавацца. Халімона Аверкіна прывялі са звязанымі рукамі.

Усё — і людзі, і хаты, і дрэвы — нібы здранцвела ў жаху. Два гітлераўцы схапілі Маню за рукі, прывалаклі да шыбеніцы, і яе безжыццёвае цела загайдалася на вяроўцы. Затым адзін з немцаў падышоў да Халімона, штурхнуў у плечы — ідзі. Накінуў яму пятлю на шыю. Халімон ліхаманкава паварочваў галаву туды-сюды, як шукаў каго вачамі сярод людзей. Куцай нагою, абутай у бот з шырокай халявай, гітлеравец штурхнуў табурэтку, на якой стаяў стары. Шыбеніца рыпнула, быццам войкнула. У натоўпе хтосьці ўскрыкнуў. Той прарэзлівы ўскрык прагучаў, як ляск бізуна, страсянуў знямелы натоўп. Цёплы ветрык ціха варушыў сівыя валасы на галаве Халімона, злёгку надзімаў блакітную ў белыя гарошынкі сукенку каля Маніных выцягнутых ног.

У купцы карнікаў, што стаялі непадалёку ад шыбеніцы, адзін загаварыў па-нямецку, другі стаў перакладаць:

— Германскі ўлада даў гэты... гэты чортаф Манья аўсвайс, каб сумленна працаваць на новы пар’ядак. Усьіх, каторы будзье нам шкодзіць, спасцігне такой кар’я. — Яны абодва, адзін за адным, павярнуліся, паказалі рукамі на шыбеніцу. I міласціва дадалі: — Усьё, можаце разыходзіцца...

На другі дзень гітлераўцы дазволілі пахаваць павешаных. На кладаўі Вольга з малым Цярэшкам на руках стаяла ззаду натоўпу, каб дзіця, якое нічога не разумела, не пабачыла маці і дзеда ў дамавінах.

Уначы Вольга пачула ціхі стук у шыбу. Адхінула ражок фіранкі i пазнала Цярэшку.

Ступіўшы цераз парог, Цярэшка хрыплым, перадаўленым голасам спытаў:

— Дзе сын?

Дзіця ціхамірна спала на ложку, раскінуўшы выцягнутыя з-пад пасцілкі рукі. Цярэшка далікатна крануўся дрыжачымі пальцамі яго цёплай далонькі. Хвіліну стаяў як скамянелы. Потым адышоў да акна, абхапіў рукамі галаву. Прастагнаў: