Читать «Хата з ясенем пад вокнамі» онлайн

Аляксандр Капусцін

Аляксандр Капусцін

ХАТА 3 ЯСЕНЕМ ПАД ВОКНАМІ

Апавяданне

У вочы яе называлі і Маня, і Марыйка — як хто. За вочы — найчасцей гэтак жа. Але нярэдка — і чортава Маня. Калі, скажам, трэба было ўдакладніць, пра каго, пра якую Маню ідзе гаворка: іх жа, Маняў, у Шарпілаўцы — не пералічыць. Была яна вельмі прыгожая: авальны твар з тонкім носам і невялікімі, калі ўсміхалася, ямачкамі на ружаватых шчоках; спакойныя, чыстыя блакітныя вочы, у глыбіні якіх блішчалі цёплыя агеньчыкі; доўгая, амаль да пояса, аўсяна-жаўтлявая каса...

Дык чаму такая прыгажуня і на табе: чортава?

Не, яна тут была ні пры чым. Справа ў тым, што такую мянушку насіў яе бацька, высокі, статны і ў свае не маладыя гады Халімон Аверкін. Быў ён не сказаць каб і злы, паганы чалавек. Не горшы за іншых. Ва ўсякім разе за тых, што прылічвалі сябе да паборнікаў праўды і справядлівасці, а самі, гаворачы высокія прыгожыя словы, тым часам спадцішка злосна кусалі іншых за якую сапраўдную ці ўяўную віну. 3 гэтай мянушкаю ён і нарадзіўся, бо так вяскоўцы клікалі яго бацьку. Праўда ці не, а старыя людзі расказвалі, што сама маці галубіла маленькага Халімона: «Чорцік ты мой любы, ненаглядны». Халімон настолькі звыкся са сваёй мянушкаю, што не крыўдзіўся, па крайняй меры не паказваў крыўды, калі хто ў запале ці незнарок гэтак называў яго. Ён толькі ціха, маркотна ўсміхаўся.

Так і Маня — калі чула што. Характарам яна ўся была акурат бацечка.

Скончыўшы сямігодку, ці, як тады казалі, школу калгаснай моладзі, Маня гады тры рабіла ў калгасе. Потым пайшла працаваць на чыгунку. Сонца пад шпалы заганяла. Работа гэтая, калі хто ведае, выконвалася папарна. Двое станавіліся адзін насупраць аднаго і папераменна вялікімі кіркамі, якія называліся кайло, дзяўблі баласт, падбіваючы яго пад шпалы. Напарнікам у Мані быў Цярэшка Арцюхоў, хлопец высокі, падборысты, праворны. Усе, хто бачыў, як яны працавалі, любаваліся і імі, і працаю іхняй. Атрымлівалася ў іх спорна, заўзята і весела. I нярэдка — з песняй. У два галасы яны спявалі зладжана і прыгожа.

Пасылала мяне маці,

Пасылала мяне маці,

Па-а-асылала мяне маці

Яравое жыта шаці.

Цярэшкаў барытон цягнуў мякка, вольна, а Маня ў лад яму брала вы­сока i звонка.

Вось толькі на вечарынках не бачылі іх разам. Маня на вечарынкі не хадзіла, казала, танцаваць не навучылася. А Цярэшка i там хват быў: што польку, што кракавяк — да ўпаду. Натанцуецца — і пайшоў дадому адзін. Дзяўчаты гарэзавалі: «Цярэшачка, яшчэ — падыспанец, харошанькі танец. Ай табе не дазваляе хто?» Ён дурасліва зацягваў:

Падыспанец — харошанькі танец.

Падыспанец танцуюць усе...

Бліскаў задорнай усмешкай і борзда тупацеў па прыступках высокага клубнага ганка.

Сонечным нядзельным днём Цярэшка з Маняй завіталі ў сельсавет. У блакітнай у белую гарошынку сукенцы з прыкладзеным да грудзей буке­там барвовых ружаў, якія падарыў Цярэшка, Маня выглядала яшчэ больш прыгожай і бязмежна шчаслівай. Старшыня сельсавета, круглатвары мацачок у падперазанай шырокім рэменем цёмна-сіняй шарсцяной гімнасцёрцы з адкладным каўняром, віншуючы маладых, не стрымаў свайго захаплення: