Читать «Хата з ясенем пад вокнамі» онлайн - страница 2

Аляксандр Капусцін

— Царыца!

Усе, хто быў у сельсавеце, дружна заляпалі ў ладкі. Дзябёлая постаць старшыні раптам наструнілася, быццам гэтыя воплескі адрасаваліся не жаніху і нявесце, а камусьці іншаму, усюдыіснаму і няўмольнаму, што нябачна прысутнічаў там. Затым адразу на яго круглым твары адбілася збянтэжанасць. Адольваючы дзіўную неспадзеўку, старшыня машынальна скубануў тоўстымі пальцамі каўнер гімнасцёркі і, надаўшы голасу ўрачыстасці, шчыра пажадаў маладым:

— Няхай ваша жыццё будзе такім прыгожым, як вы самі, як сённяшні сонечны дзень.

Увечары справілі застолле. Не ў Цярэшкі — у Халімонавай пяцісценцы, пад вокнамі якой прыгожа раскашаваўся магутны ясень. У Цярэшкі не было як, ён жыў адзін.

Хлопец рос сіратою, пад наглядам родзічаў і суседзяў. Бацька, сельскі грамацей, з маладых гадоў быў селькорам, зрэдку пісаў у раённую газету i пра добрае, i пра кепскае, што адбывалася ў вёсцы. Цёмным асеннім вечарам ён вяртаўся з хаты-чытальні, куды хадзіў узяць кніжку. На вуліцы вясковы хуліган і злодзей па мянушцы Труцень загнаў яму паміж лапатак швайку. Ці бандыта падбухторыў хто, ці сапраўды, як казаў, сп’яну розум у яго памуціўся, высветліць не ўдалося. Маці з гора душа занудзілася, захварэла на сухоты. Яе не стала, калі хлапчук ужо заканчваў школу.

Вясельную вячэру гатавалі Маня i яе суседка Вольга, якая жыла цераз вуліцу. Вольга і застоллем запраўляла. Яна весела, з жартамі і прымаўкамі падавала стравы і выпіўку, падахвочвала гасцей частавацца за здароўе маладых. Тым часам не прамінала выпадку, каб не кінуць з блазенскім намёкам:

— Піце, ежце, госцейкі, ды хутчэй, бо маладым некалі, ім трэба адным застацца.

Госці разышліся апоўначы. Цярэшка прыгарнуў Маню да сябе, зазірнуў у вочы:

— Цяпер, любая, хадзем дадому.— Ускінуў вузел з падушкамі і коўдрамі на плечы, узяў жонку пад руку, і яны ступілі ў зорную ноч.

Вяскоўцы называлі Маню, як і раней, хіба толькі цяпер часцей крыху, — чортавай. Дзяўчаты — з зайздрасцю, што запаланіла такога прыгожага хлопца. Хто-ніхто з іх часам яхіднічаў: «Можа, яна прысухай якой зачаравала яго, чортавым зеллем — недарма ж чортава...»

Вясною ў сэрцы маладажонаў нахлынула новая вялікая радасць — Маня нарадзіла сына. Цёплы май буяў азімымі нівамі, цвіў буйной квеценню яблыневых і вішнёвых садоў, звінеў птушынымі галасамі. «Радасць ты наша маёвая!» — галубілі шчаслівыя бацькі галасістага шустрага хлапчука. I марылі пра дачушку.

А на пачатку лета Маня забрала дзіця і вярнулася ў бацькаву хату.

Развітваліся яны на двары каля веснічак. Цярэшку страшэнна карцела сказаць жонцы знаёмыя да болю сардэчныя, пяшчотныя словы, але нясцерпна горкая крыўда быццам сашчапіла, замкнула яму рот. Словы тыя, не вырваўшыся з-за зубоў, зляпіліся ў даўкі камяк. Маня стаяла з зацятым, як скамянелым тварам. Ён дзвюма рукамі схапіў яе за плечы, страсянуў. Дзіця, што было ў яе на руках, заплакала і неяк адразу змоўкла. Штосьці абарвалася ў грудзях Цярэшкі, сцінаючы дыхание. «Заб’ю!» — зашумела ў яго ў галаве. Ён схамянуўся, жахнуўся гэтай жудаснай думкі... Так яны і не сказалі адзін аднаму нічога. Ды і што было гаварыць, калі ўсё ўжо сказана-пераказана!