Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн - страница 4

Паўла Урбан

У гэтых сваіх перакананьнях Аляксютовіч ня быў у адзіноце. Яго падтрымалі й іншыя беларускія гісторыкі ў БССР, асабліва наконт нацыянальнага характару Вялікага Княства Літоўскага. Калі ж справа ідзе пра БССР, дык пра гэтую «першую ў гісторыі беларускую дзяржаву» шмат і добра пісаў Вадзім Круталевіч. У ягоных артыкулах і рэцэнзіях вельмі добра паказаныя «цяжкія роды» БССР і вялікадзяржаўны шавінізм бальшавікоў, у тым ліку й Леніна[9]. Сучасную ж «суверэннасць» БССР вельмі добра адчувае сам беларускі народ. Яе добра адчуваў і прафэсар Абэцэдарскі, пішучы сваю брашуру.

«ХТО ПА СВАЙМУ ПАХОДЖАНЬНЮ БЕЛАРУСЫ?»

«Балцкая тэорыя» паходжаньня беларускага народу

Гэтак загалоўлены першы разьдзел брашуры Абэцэдарскага (б.9-16). На пачатку гэтага разьдзелу прафэсар інкрымінуе беларусам за мяжой тое, што яны, «выконваючы загад сваіх сучасных гаспадароў», «назойліва» прытрымліваюцца гэтак званай «балцкай тэорыі» паходжаньня беларускага народу. Яны быццам цьвердзяць, што «беларусы сваім прыходам з Захаду, сваёй культурай, доўгі час балцкай, вельмі розьніліся ад усіх народаў славянскай мовы». Гэтым сама, як часта паўтарае Абэцэдарскі, яны, бач, хочуць «пакінуць Расею па-за Эўропай», вылучыць з гэтае Расеі Беларусь. Хто на ймя прытрымліваецца гэткае канцэпцыі ён не называе.

На самой рэчы, «балцкая тэорыя» пра паходжаньне беларускага народу, якая канстатуе, што ў паўстаньні гэтага народу меў удзел балцкі (неабавязкова г.зв. «літоўскі») субстрат, - гэта ніякі ня «вымысел» нейкіх «беларускіх нацыяналістаў». Тэорыя гэтая йснуе ўжо даўно, яшчэ ад мінулага стагодзьдзя, і яна ўзьнікла найперш у асяродзьдзі расейскіх ды польскіх навукоўцаў. Пры канцы мінулага стагодзьдзя яе выстаўлялі ды абгрунтоўвалі гэткія гісторыкі, як П.Галубоўскі ды А.Качубінскі. Яна грунтуецца галоўна на дадзеных тапанімікі, лінгвістыкі й архэалёгіі. Удзел балцкага субстрату ў этнагенезе беларускага народу прызнавалі й гэткія вучоныя, як Я.Карскі ды Ў.Пічэта, якім Абэцэдарскі хіба ж ня ў стане прыляпіць нейкага «беларускага нацыяналізму». У СССР цяпер гэтая тэорыя распрацоўваецца, прыкладам, расейскім архэолягам В.В.Сядовам[10] ды яна падтрымліваецца й іншымі савецкімі расейскімі й украінскімі гісторыкамі й архэолягамі[11]. Зь нейкіх незразумелых прычынаў тэорыя гэтая не распрацоўваецца ў БССР, ды тут заўважаецца тэндэнцыя аспрэчваць яе вартасьць[12].

Згаданая тут «балцкая тэорыя» паходжаньня беларусаў мае пад сабой пэўны грунт. Няма нічога «прыніжальнага» ў тым, што ў складзе беларускага народу застаўся асыміляваны балцкі субстрат. Гэтак званых «чысьцюсенькіх» у этнічным дачыненьні народаў фактычна ніколі не йснавала. Тым часам, як цьвердзіць, прыкладам, згаданы Сядоў, гэтая «балцкая тэорыя» дапамагае зразумець выразную гістарычную апрычонасьць беларускага народу, якая, як падкрэсьлівае ён, паўстала ня ў выніку развалу Кіеўскае Русі й ня ў сувязі з уваходам сучасных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а куды раней. Для ведама прафэсара Абэцэдарскага зацытуем асноўную думку Сядова, што грунтуецца на ягоных шматгадовых дасьледваньнях: