Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн - страница 2

Паўла Урбан

За прыкладам старое расейскае гістарыяграфіі афіцыйная савецкая гістарычная навука ніяк ня можа пагадзіцца з думкай пра апрычонае разьвіцьцё беларускага народу, пра ягонае самастойнае дзяржаўнае існаваньне ў мінулым. Бо калі б згадзіцца з гэткай думкай, дык трэба было б выкінуць на сьметнік усе гэтак званыя «гістарычныя правы» Расеі на Беларусь, адмовіцца ад канцэпцыяў «единства исторических судеб» беларускага, расейскага й украінскага народаў, што выступаюць у савецкай гістарыяграфіі ў нейкай дзіўнай «тройцы» таго ж «общерусского» характару. Трэба было б адмовіцца таксама ад тэзы пра крывавыя «справедливые войны», якія быццам мусіла праводзіць тая ж Расея з мэтай «собирания русских земель» ды іхнага «воссоединения в едином русском государстве». Дый прызнаньне самастойнасьці ў гістарычным разьвіцьці Беларусі памагло б росту нацыянальнай сьведамасьці й супраціву ў самой БССР. З тае ж прычыны савецкая гістарыяграфія не прызнае Кіеўскую Русь за дзяржаву ўкраінскага народу, дзіўным тропам зьвязваючы яе з Маскоўшчынай. Дарэчы, ад нейкага часу гэтая гістарыяграфія тэрміны «Россия», «Российское» пачала прытарноўваць ня толькі да Маскоўшчыны, але й да тае ж Кіеўскай Русі, спускаючы, як гэта гаворыцца, прыкметы пазьнейшае Расейскае імпэрыі ў сівую даўніну.

І тут стае ў прыгодзе вельмі прымітыўная канцэпцыя гісторыі Беларусі. Зь яе вынікае, што ў мінулым беларускі народ ня меў ні свае дзяржавы, ні свае гісторыі, ды ён ніколі й не імкнуўся да самастойнага дзяржаўнага жыцьця. У эпоху Кіеўскай Русі ён тварыў адзінае цэлае супольна з «древнерусским» народам і «древнерусской» дзяржавай. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага над ім панавалі «литовские феодалы» (трэба разумець - сучасныя летувісы), і беларускі народ «томился в условиях национального порабощения». Змаганьне беларускага народу з «угнетением литовских феодалов» і адпаведная «помощь» з боку Расеі прывялі нарэшце да ягонага «национального освобождения» і «воссоединения в едином русском государстве» - у складзе Расеі. «Упершыню» сваю дзяржаўнасьць беларускі народ набыў у выніку гэтак званай Кастрычніцкай рэвалюцыі, дый у гэтым выпадку ён атрымаў яе з рук Леніна (некалі гаварылася пра «рукі» Сталіна).

Кепска было тым, хто наважваўся абыйсьці лягічную «стройнасць» гэтае канцэпцыі. Прыкладам, савецкі гісторык І.Б.Грэкаў у адной з сваіх працаў[5] неяк пазытыўна адгукнуўся пра Вялікае Княства Літоўскае, назваўшы яго дзяржавай, што выступіла ў якасьці задзіночнага цэнтру на ўсходзе Эўропы ды з гэтае прычыны сутыкнулася з Маскоўшчынай. Грэкаў быў далёкі ад таго, каб уважаць Вялікае Княства Літоўскае за чыста беларускую дзяржаву. Дарэчы, ён паслугоўваецца толькі тэрміналёгіяй «русские» ці «западнорусские земли» і «западнорусские княжества». Разам з гэтым, аднак, называе Вялікае Княства «Литовско-Русским государством» і падкрэсьлівае, што гэтае княства «было построено на русской (исторически и этнографически русской) территории» й склалася ня гэтак у выніку «прямой вооруженной экспансии литовских феодалов», як з прычыны «наличия в самих западнорусских землях определенных тенденций к объединению». Паводле меркавання Грэкава, таксама «международное и внутриполитическое положение западнорусских и литовских земель часто ставило перед ними общие задачи» й вымагала іхнага «сближения». У далейшым Вялікае Княства Літоўскае сталася рэальным цэнтрам «собирания русских земель».