Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн - страница 6
Паўла Урбан
Як ведама, старажытныя ліцьвіны сваё паходжаньне выводзілі ад рымлянаў - сучасьнікаў Юлія Цэзара і Пампэя (у іншых варыянтах - сучасьнікаў Нэрона). Падобная легенда бытавала й у люцічаў-вільцаў, згодна зь якой галоўны іхны горад, калісьці слаўны Волін, таксама быў заснаваны Юліем Цэзарам[16].
Праўдападобна, прафэсар Абэцэдарскі за гэтыя нясьмелыя спробы «беларускіх нацыяналістаў» спалучыць люцічаў-велетаў-вільцаў зь літвой-лютвой-ліцьвінамі інкрымінуе ім згаданую вышэй «ересь». Аднак жа, як і кожная праўда, праўда гістарычная нараджаецца ў пошуках і дыскусіях, і гэтыя пошукі й дыскусіі ня могуць быць загадзя ахарактарызаваныя як нейкая «буржуазна-нацыяналістычная назойлівасць». Як ведама, калісьці было спыненае вывучэньне дзейнасьці Ф.Скарыны й К.Каліноўскага й спыненае толькі з тае прычыны, што іхную дзейнасьць нехта назваў «папоўшчынай» і «мяшчанствам». У сувязі з гэтым тут згадаем і пра наступнае.
Ведамы савецкі гісторык Б.А.Рыбакоў, прыкладам, займаецца ўсемагчымымі экспэрымэнтамі ў пошуках гэтак званага славянскага народу ці племя «Русь-Рось». Існасьць ягоных пошукаў і экспэрымэнтаў у тым, што гэты народ ён выводзіць ад містычных росаў Псэўда-Захарыя і «росаманаў» Ёрдана, шукае сьледу гэтага народу ў тапанімічных назовах «Рось» ды катэгарычна цьвердзіць, што «народ Русь» і ягоная «Руская дзяржава» йснавалі ў Сярэднім Прыдняпроўі ўжо ў VІ стагодзьдзі ды нават і раней. Гэтыя экспэрымэнты Рыбакова знаходзяць доступ нават у шматтамовыя акадэмічныя выданьні[17], а сам ён славіцца ў савецкай гістарыяграфіі як «выдающийся историк-патриот».
Іншы савецкі гісторык, кандыдат гістарычных навукаў А.Г.Кузьмін, у гэтым дачыненьні выходзіць з супрацьлеглага боку. Народ Русь ён шукае сярод заходняпрыбалтыцкіх славянаў і адсюль перасяляе яго ў Ноўгарад, а затым і ў Кіеў[18]. Наадварот, ведамы гісторык і архэоляг П.Н.Трацьцякоў, які доўгі час трымаўся канцэпцыі Рыбакова, у апошняй з сваіх працаў прыйшоў да наступнае высновы:
Тут і ўзьнікае пытаньне: чаму ў гэтым разе за нясьмелыя спробы спалучыць старажытных літву-лютву-ліцьвіноў з заходняпрыбалтыцкімі люцічамі-велетамі-вільцамі беларускія навукоўцы абавязкова надзяляюцца мянушкай «буржуазных нацыяналістаў» ці нават «паслугачоў» таго ці іншага ідала?! Як бачна, у разуменьні Абэцэдарскага тут павінны дзеіць старарымлянскі прынцып: Quod licet Jovi, non licet bovi!