Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн
Паўла Урбан
Паўла Урбан
У сьвятле гістарычных фактаў
(У сувязі з брашурай Л.С.Абэцэдарскага)
Крыніца: Паўла Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў. Мюнхэн, Нью-Ёрк. БІНІМ, 1972.
ЗАМІЖ УСТУПУ
Янка Купала
Словы гэтыя зь вершу «Акоў паломаных жандар» (1926) Янкі Купалы як найлепш могуць пасаваць да Л.С.Абэцэдарскага[1], аўтара брашуры «У святле неабвержных фактаў». Гэтая брашура, як ведама, выйшла ў 1969 годзе[2] ды тады ж атрымала «блаславеньне» кампартыі[3]. «Рука руку мые», - кажа народная прымаўка...
Згаданае выданьне як быццам скіраваная супраць «вымыслаў беларускіх буржуазных нацыяналістаў» у абліччы сучасных «наймітаў амерыканскіх і заходнегерманскіх імперыялістаў». Між іншага, у якасьці «важкага аргумэнту» гэтая дый яшчэ больш маляўнічая тэрміналёгія ўсюды аздабляе й дапаўняе зьмест працы Абэцэдарскага. Яна - звычайны набытак гэтак званага «савецкага гуманізму», што пачатак свой бярэ ў... сівой даўнасьці. Калісьці падобная тэрміналёгія прыаздабляла ведамыя «опусы» й «пасланьні» Івана Жахлівага, пасьля асабліва маланкай біла, напрыклад, польскую палітычную эміграцыю ХІХ стагодзьдзя дый уцекачоў з самое «матушки России» - прыкладам, Герцана, Агарова, Бакуніна, Пляханава. Найбольш яна расквітнела ў вельмі цьвяцістай мове «великого» Леніна, «бацькі народаў» Сталіна ды ўсьцяж красуе ў дачыненьні да сучасных «антисоветско-антиленинских» плыняў: «маоізму», «тытаізму», чэхаславацкіх «здраднікаў» і г.д. Таму падобнай тэрміналёгіяй ня трэба праймацца.
Брашура прафэсара Абэцэдарскага мае сваё адмысловае заданьне. Яна ськіраваная ня гэтулькі супраць «здраднікаў» і «агентуры» за межамі, колькі супраць тых беларускіх «буржуазных нацыяналістаў», што, як гэта гаворыцца, «звілі гняздо» ў самой БССР. Ды наагул яна скіраваная супраць усякіх выяваў беларускага самастойнага жыцьця.
Тут выпадае прыгадаць даволі гучны пленум ЦК КПСС, што, як прадмова да інтэрвэнцыі ў Чэхаславаччыне, адбыўся ў красавіку 1968 году, а таксама пленум ЦК КПБ, які пасьпешліва быў скліканы ў чэрвені таго ж 1968 году. Выходзячы з дырэктываў Масквы, якраз на гэтым пленуме былы дырэктар Інстытуту гісторыі Акадэміі навукаў БССР Н.В.Каменская ад імя «ўсяго калектыву» гэтае акадэміі проста апавесьціла, што згаданы тут інстытут бярэцца за «непримиримую борьбу против фальсификаторов истории белорусского народа», «за борьбу против их домыслов о происхождении белорусского народа, истории его культуры, о формировании белорусской нации»[4]. Зазначым, што ўсе гэтыя праблемы нашае гісторыі ў 1960-х гадох актыўна парушаліся беларускімі навукоўцамі ў самой БССР.
І вось, як вынік гэтай «непримиримой борьбы» й зьявілася брашура прафэсара Абэцэдарскага. Ды гэтая брашура выйшла небывалым для БССР накладам - 30.000 паасобнікаў! Рэдкія кнігі, што выходзяць у БССР на беларускую гістарычную тэматыку, звычайна не перасягаюць 3.000 паасобнікаў, а найчасьцей абмяжоўваюцца 1.000-ным накладам. Вось жа, у простай мове значыць, што брашура Абэцэдарскага - гэта звычайны «партыйны заказ», пры гэтым ня толькі злосна антыбеларускі, але й вымоўна шавіністычна-расейскага характару.