Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн - страница 5
Паўла Урбан
Літва-ліцьвіны - заходнепрыбалтыцкія славяне
Што ж да гэтак званага «прыходу беларусаў з Захаду», дык пра гэта ў нейкай ступені гаворыцца ў «Повести временных лет» - хоць бы ў апавяданьні пра радзімічаў. Той жа В.В.Сядоў таксама даволі пэўна давёў, што й крывічы прыйшлі з захаду, г.зн. раней уваходзілі ў заходнюю групу славянства[14]. А крывічы, як ведама, былі асноўным кампанэнтам сучаснага беларускага народу. Вынікае, што і ў гэтым выпадку няма падставаў абвінавачваць у чымсьці «беларускіх нацыяналістаў».
Даволі заблытаная гісторыя старажытных ліцьвіноў-літвы. Ведамыя з даўных часоў славянскія асаблівасьці іхнай мовы й культуры змушаюць некаторых беларускіх навукоўцаў зьвярнуцца да заходніх прыбалтыцкіх славянаў, што калісьці выступалі пад назовам люцічы-велеты-вільцы. Гэта тым больш, што шмат раней Пталамей зьмяшчаў іх дзесьці на ўсход ад Віслы, а ў гістарычных крыніцах часоў Міндоўга й Гедзіміна летапісная «Літва» называліся часамі лютвой і ліцьвінамі, г.зн. гэтым сваім назовам збліжаліся з тымі ж люцічамі-вільцамі - лютымі ваўкамі. Як ведама, і тапаніміка Заходняй Беларусі, асабліва Віленшчыны, багатая на найменьні, зьвязаныя з гэтым лютым зьверам вілкам-ваўком (Ваўкавыск, Вількамір, Ваўкавышкі, Валкінікі, Вільканцы, Ваўкалаты, Вількішкі й іншыя), што таксама трэба браць пад увагу. Вось тут і ўзьнікае пытаньне, ці не было нейкай лучнасьці між заходняпрыбалтыцкімі люцічамі-велетамі-вільцамі ды ўсходнімі літвой-лютвой-ліцьвінамі. Першыя маглі пасунуцца на ўсход у выніку франка-саксонскіх войнаў ці пазьнейшага нямецкага наступу супраць прыбалтыцкіх славянаў.
Гэтае дапушчэньне быццам пацьвярджаецца сагай Тыдрэка Бэрнскага, у аснове якой ляжыць саксонская легенда з ІХ-Х стагодзьдзяў. Паводле гэтае сагі, аналёгію чаго можна адшукаць у апавяданьнях пра Рагвалода, князь люцічаў-вільцаў Вількін зьдзейсьніў паход на ўсход, захапіў Полацак і Смаленск, а затым і «сталіцу рускага князя» - Ноўгарад. Пасьля ягонае сьмерці, аднак, верх узяў «рускі князь» (Гэртніт з сынамі Азантрыксам, Вальдэмарам і Ільлёй), падпарадкаваўшы нават «зямлю вільцінаў»[15].