Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 4

Васіль Ткачоў

На ўсякі выпадак.

4

Выпілі па чарцы. Прыгубіла крышачку і Суклета – больш за кампанію, яна заўсёды так рабіла: не адмаўляецца, калі запрашаюць да стала, ёй галоўнае пасядзець і паслухаць, а паколькі старая і сапраўды ўжывала толькі «адзін грам», то яна была жаданым госцем за сталом. І да таго ж заўсёды шчодрым – у яе і капустачка і агурочак знойдуцца да прынесенай кватарантам ці ягоным спадарожнікам каўбаскі або кансервы.

Закусваючы, участковы нахвальваў перш-наперш дырэктара школы Саксонава, потым старшыню сельсавета Ахрэмчыка, абмінуў старшыню калгаса Каляду, бо той у апошні час зусім адбіўся ад рук: задраў нос, нуль увагі на прадстаўніка ўлады. Не помніць ужо ўчастковы, калі ласаваўся калгаснай свежыной. Не даражыць сяброўствам, не даражыць. Быць не можа , каб калі-небудзь не спатрэбіўся яму Баравы. «Тады заспяваеш у мяне Лазара!» – прыгадаў ён сваю любімую пагаворку, аднак услых не асмеліўся яе агучваць. Услых участковы сказаў наступнае:

– Трымайся мяне і вось яго, Саксонава. Я правільна гавару, дырэктар?

–Усё, як кажуць, у кропку,– кіўнуў той і праглынуў скрылёк сала.

– Я абы- чаго не гутару. Рыбак? Паляўнічы?

Шэпелеў пакруціў галавой: і не рыбак, і не паляўнічы.

– Навучым. Адукуем. Прасцей простага. А даруй, настаўнік, што ты можаш? Тваё, так бы сказаць, хобі? Ну, вучыць дзяцей. Раз. А што ў нас на два ў меню?

Малады настаўнік не зводзіў вачэй з участковага, і хоць Суклета заўважыла участковаму: «Чаго ты прычапіўся да хлапца, Ягоравіч?», той махнуў у яе бок рукой, не зважаючы на словы, падрыхтаваўся пачуць: давай, кажы, натапырвай розум. Шэпелеў успомніў пра кантэйнер з яйкамі, які выглядваў з поліэтыленавага пакета ўчастковага ў аўтобусе і папрасіў дазволу нешта там узяць.

– Калі ласка! У чым справа?– дазволіў участковы.

Шэпелаў узяў у кантэйнеры яйка, пастараўся зрабіць гэта так, каб ніхто не заўважыў, што ён там узяў, вокамгненна схаваў яйка ў кішэні і паказаў усім рукі:

– Нічога няма?

– Няма,– за ўсіх адказаў участковы.

– А зараз? – і ў руцэ настаўнік трымаў яйка, і дастаў ён яго аднекуль з-пад пахі так хуценька і спрытна , што ніхто і вокам не паспеў міргнуць.

– Паўтары!– загадаў участковы. – Прашляпіў. Буду больш уважлівым. Ну, ну. Цікава. Адкуль ты яго узяў? І вы, грамадзяне, сачыце. Суклета, чуеш? Паўлавіч! Так, глядзім!

Настаўнік зноў выцягнуў яйка. Участковы лыпаў вачыма, шукаў спагады ў дырэктара і старой, але і яны разводзілі рукамі: нічога не зразумелі і прасілі паўтарыць. Ён паўтарыў разоў колькі фокус, але так спрытна маніпуліраваў рукамі і целам, што зноў ніхто нічога не зразумеў. А Суклета папытала:

– Сынок! Сынок, дык табе ж цаны няма! Ты хоць гэта разумееш? У мяне ж ужо і куры павыводзіліся, то і не буду зоводзіць: мяса я не ем, з маімі зубамі толькі кашу маннную добра жаваць, а яек і ты можаш нарабіць. Прыходзь хоць кожны дзень... і шпурляй яйкі. Я не скнара, мне багата не трэба – дзесяць адразу зможаш зрабіць? Мне тады надоўга хопіць.

Шэпелеў рассмяяўся і нічога не адказаў.

– А вось яшчэ адзін фокус,– паглядзеў настаўнік на вяскоўцаў.