Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 248

Васіль Ткачоў

Во ўжо чалавек, гэты Пятро! Вып’е – навальніца, грукоча і бліскоча, а праспіцца, упадзе на калені, галаву схіліць:

– Даруй, Вера. Даруй. Ну дурань я, дурань!

– Ды я ведаю, хто ты, – спакойна адкажа старая. – Сёння толькі не пі, бо дзве ночы начаваць на агародзе няможна: падушка халодная, як лядзяк. Восень жа.

– Не буду,– ахвотна і з радасцю абяцае Пятро.– Слова танкіста!

– Ідзі снедай.

– Ага!

Моўчкі снедаюць. Пятро надзвычай паслухмяны, ціхі і порсткі ў рабоце. Вера не нарадуецца. Але падушку далёка не хавае. Ведае свайго мужа добра, не першы год жывуць разам. Бач, ужо прыдзірацца пачынае. Добры настрой мінуў. То тое яму не так, то гэтае.

Жанчына адчувае: вось-вось спатрэбіцца падушка. Яна падбівае яе, кладзе на ранейшае месца, гладзіць, пяшчотна і далікатна, і заўважае, што халодная яна, падушка, і тут, у сваёй хаце...

МАЛАДЫ ПЕНСІЯНЕР

Міхаіл Аўдзеевіч – пенсіянер малады: другі месяц не пераступае ён прахадную завода, на якім больш сарака гадоў займаў самыя розныя пасады. Ад вучня фрэзероўшчыка вырас да начальніка бюро тэхнічнага кантролю механазборачнага цэха. Хто быў у такім цэху хоць раз – хуценька вушы затуліць ад грукату-шуму, здзівіцца: і як тут можна знаходзіцца? Тым больш – працаваць? Звар’яцееш. А ён, Міхаіл Аўдзеевіч, знаходзіўся і працаваў тут вельмі багата часу... І нічога, вытрымаў. Адно кепска цяпер вось, на старасці – папрокі сыпяцца на яго з усіх бакоў, хай на дачы ці ў гарадской кватэры, ад сваякоў і суседзяў: «Цішэй, цішэй размаўляй, Аўдзеевіч! Тата, мы ж не глухія. Чуем».

Ён спахопіцца, на твар нагорнецца чырвань, але прамаўчыць, толькі падумае: «І калі я ўжо прывыкну, што не на заводзе знаходжуся, што –пенсіянер?»

Зноў, каторы ўжо раз, дасці слова сабе размаўляць так, як і ўсе людзі – ціха, памяркоўна, у залежнасці ад сітуацыі, але забудзе, бедалага, неўпрыкмет і падасці іншы раз такі моцны голас, бы некалі ў сваім механазборачным.

І тады толькі ўспомніць, што ён – пенсіянер.

І ўсміхнецца: «Пенсіянер я ўсё ж малады. Выпраўлюся».

ВЭКСАЛЬ

Не спалася. Не ляжалася. Заўтра прыедуць унукі з горада, Кацька з Санькам, а ў яе, любімай бабулі, і грошай няма, каб сустрэць дарагіх гасцей прыстойна – так, як і кожнага разу дагэтуль: гасцінцы – на стол! Пуста на стале. Сіратліва. Акрамя садавіны нічым унукаў не парадуеш. Яшчэ, чаго добрага, пакрыўдзяцца? Ды і Міколку грошай трэба было б даць на зваротную дарогу—чула па радыё, што затрымліваюць у іх на заводзе заработную плату. А што яна магла вымеркаваць яму са сваёй пенсіі, калі патрымала толькі грошы ў руках, паглядзела-падзівілася на іх, пералічыла колькі разоў, і развіталася, бы з нечым жывым—шчымліва і цяжка: заплаціла суседу Вітуку за два вазы бярозавых дроў, а запрасіў чатыры бутэлькі гарэлкі, Лявон акучваў бульбу... спатрабаваў таксама дзве. А тады ж гэтыя мужчыны-выпівохі – а які цвярэзнік вуручыць такіх старых , як вось яна, Хрысціна Пятроўна? – папырскалі на каларадскіх жукоў. Праўда, добра папырскалі, як у сябе: не стала на калівах ненажэрных паласацікаў. А за самую ж атруту заплаціла тры тысячы рублёў. Туды-сюды, і няма пенсіі. Толькі ўспомніць пра яе і засталося. Слізкія ж грошы калі пайшлі... не ўтрымаеш у руках. Купіла, праўда, цукру, алею, тры кансервы, кілаграм сала. З голаду памерці не памрэш, там ужо і на агародзе можна раскашавацца: першая бульбачка, першыя агурочкі, выбліснуліся і памідорчыкі. Суседка, Маруся, налье слоік малака і з грашыма паспяшаць не будзе. Але ж, ведае бабуля, унукі наглядзяцца ў вясковай краме, што іншыя дзеці купляюць і ліманад, і цукеркі, і марожанае, нават кавуны прывозяць, то і ім закарціць, папросяць: бабуля, дай грошай. Дзеці ж. Старая ўявіла, як тыя вінавата апусцяць галовы...