Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 246

Васіль Ткачоў

– Ды кінь ты дурное! Кінь!

– Лупі цыбулю!

– Луплю, луплю… – і Сірацюк адклаў нарэшце газету ў бок, узяў цыбуліну, нож. – А ты вось, Марыя, кажаш, рукі ў цябе занятыя…

– Ну, кажу…

– А калі яны ў нас былі не занятыя? У цябе і ў мяне? Увесь час то тое, то гэтае… То на працы, то дома… І ежу прыгатуй, і дзіця пагушкай… Як без рук?

– То пульт ад тэлевізара не выпускаш з іх, – заўважыла Марыя, усміхнулася.

Сірацюк жа працягваў сваё, не зважаючы на дакор жонкі:

– А калі ў вёсцы жыў, і траву скуб для трусоў, і дровы заносіў у хату з хлева, і сена скідваў з вышак карове… А колькі вады трэба было нанасіць з калодзежа! Бліжэй к вечару дазвалялася браць у тыя ж рукі лыжныя палкі… Так, так: яны заўсёды, рукі гэтыя, былі занятыя. Як і помню сябе.

– Чалавеку рукі і дадзены для таго, каб быць занятымі. Не сядзець жа, склаўшы іх на каленях.

– Перад Новым годам самі цацкі на ёлку рабілі. Самі, помніш? З паперы, з кардонкі, з шышак… Сёння ў крамах на любы густ гэтых цацак. Выбірай толькі. А цяпер вось цыбулю лупі… Яна, дарэчы, кусаецца… Во, во: не паспеў яшчэ адну распрануць як след, а ўжо плачу… Горкая, мусіць.

– Ёсць і салодкая. Вось гэтая, што далей ад цябе – больш светлая яна. Бачыш?

– Бачу.

–Бяры гэтую, яна не такая злая.

Дзень заканчваўся, а Сірацюк так і не знайшоў тое шчаслівае месца, дзе б ён мог апынуцца ў патрэбны час. Усе варыянты перабраў – і нічога не атрымлівалася. Пасля цыбулі чысціў часнок, прапускаў цераз мясарубку ўсё, што прасіла жонка, збегаў у краму за майянезам і хлебам, прыхапіў там яшчэ тое-сёе, дапамагаў жонцы ляпіць пельмені і рабіць торт, а ўжо бліжэй к вечару патэлефанаваў сын: у нас планы раптоўна памяняліся, прыйдзем Новы год сустракаць да вас, вы не супраць, бацькі?

Калі ў кватэры з’явіліся сын, нявестка і ўнук, яны першай справай паглядзелі на святочны стол і былі прыемна ўражаны: ух ты, які багаты!

– Ой, мама, а чаму ж вы не сказалі, мы б прыйшлі раней, дапамаглі б вам, – сумелася нявестка.– Столькі ўсяго нагатавалі! Стаміліся, відаць? Ды і мы ж не з пустымі рукамі прыйшлі… Міша, чаму ты стаіш? Дзе сумка?

Сын, схамянуўшыся нібы пасля здранцвення, пачаў выстаўляць прынесеныя стравы.

– Гэта нашаму татку дзякуй скажыце, – засмяялася жонка Сірацюка. – Дзякуючы ягонаму гараскопу такі стол сёння ў нас багаты. Ён, бацька наш, апынуўся сёння ў патрэбны час у патрэбным месцы – на кухні. Адна б я не справілася. Нізашто!

Сірацюк заміргаў вейкамі, задаволена рагатнуў: ён і сапраўды вельмі здзівіўся, калі пачуў ад жонкі “пра патрэбны час і патрэбнае месца”, і толькі развёў рукамі: яна, дзеці мае, мусіць, праўду сказала. Гараскоп не падвёў.

І яму, надта шчасліваму сёння чалавеку, заставалася толькі запрасіць усіх да святочнага стала.

Маленькія былі

БАРДАЧОК

Матрунчык вазіў на «Волзе» вялікага начальніка – Васіля Паўлавіча. Начальнік быў чалавекам добрым, нават – для ягонай пасады – мяккаватым, што не надта падабалася вадзіцелю: іншы раз трэба было, на ягоны розум, і гэкнуць кулаком па стале, уладу паказаць – коратка і хутка расставіць усе кропкі над «і», а ён упрошвае падоўгу таго ці іншага небараку, вучыць жыццю, і складваецца ўражанне, што ва ўсім сам ён і вінаваты. Толькі не падначалены. Матрунчык ідзе тады ў машыну, слухае музыку, шкадуе Васіля Паўлавіча і корпаецца, ад няма чаго рабіць, у бардачку. Там шклянка, хапунок для адкаркавання бутэлек, складанчык, вілка, лямпачка, пінцэт і розная іншая драбяза. Васіль Паўлавіч аднаго разу папракнуў: