Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 249

Васіль Ткачоў

Таму вось і не спалася ёй, Хрысціне Пятроўне, настаўніцы-пенсіянерцы, ад такіх думак. Грызлі. Тачылі. Можна было б пазычыць грошай, ёй не адмовілі б: аддае заўсёды акуратна. Але ў каго пазычыш?! Чуе ж, не глухая, як скардзяцца людзі, што і цукру няма за што купіць, а сады ломяцца ад яблыкаў і сліў, гінуць – шкада, няго ж – плады. Хлеб штодня даражэе. Што тая тысяча цяпер? Так, адна назва. Гэта каб іх, тых тысяч, было як раней рублёў...

Выйсце, праўда, ёсць: можна дамовіцца з прадаўшчыцай Нінкай, каб тая давала дзецям гасцінцы на вэксаль – запісвала ў свой талмуд, а тады, у дзень пенсіі, выставіла рахунак, колькі павінна яна за ўнукаў грошай. Так Нінка робіць. Правільна ці не, аднак робіць. Толькі не адважваецца Хрысціна Пятроўна звяртацца з такой просьбай да сваёй было вучаніцы. «Сорамна чамусьці. Непрыгожа». І разважае: «Я ж заўсёды старалася падкрэсліць, калі вучыла дзетак у школе, што той, хто будзе добра вучыцца, як вось і сама-- інстытут жа закончыла—той і жыць будзе лепш». А Нінка вучылася так сабе... І вось цяпер яна, Хрысціна Пятроўна, павінна ісці да яе, гультаяватай, троешніцы, з паклонам? Яна – былая настаўніца? Хоць быццам бы і не да яе дадому, а ў краму. Не. Не. Не. Няёмка. Сорамна. І нават брыдка.Яна запіша на вэксаль. Не адмовіць. Усё ж вучыла некалі.

Унукі прыедуць толькі заўтра. Трэба паспрабаваць заснуць, бо няпросты дзень будзе – на нагах. І трэба не думаць пра той вэксаль, забыцца пра яго.

Сказаць яно, праўда, лягчэй, чым зрабіць.

ГАРНІТУР

Сход быў не зусім звычайны – калі раней, як заўсёды, кіраваў парадам сам старшыня калгаса Яромчык, то на гэты раз ўсё выглядала інакш. Старшыню праводзілі на заслужаны, як кажуць, адпачынак, таму ён моўчкі сядзеў у цэнтры прэзідыума, раз-пораз прамакаючы лысіну насоўкай, а рэй вёў яго намеснік і першы кандыдат на вызваліўшаеся месца Патупчык. Апошні чарговы раз папрасіў увагі і расчулена прамовіў:

– Вы ўсе добра ведаеце, спадары і спадарыні, хто такі Яромчык Мітрафан Мітрафанавіч. Не мне вам казаць. Дзякуючы яму ў нас ёсць, так бы мовіць, і плод, і прыплод. Ці не так, а? Так, так, спадары і спадарыні. Гэты чалавек заслужыў, каб і на заслужаны адпачынак праводзілі мя яго як паважанага, шаноўнага чалавека і непаседлівага, удумлівага кіраўніка. Ці не так, а?