Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 247

Васіль Ткачоў

– Калі ты ўжо, Коля, навядзеш у бардачку парадак?

Коля прыжмурыў вочы, здзівіўся:

– Дык гэта ж – бардачок!

Мо так і трэба, падумаў, пэўна, начальнік і адстаў. Бардачок дык бардачок.

А потым неяк яны ехалі па вясковай вуліцы, доўгай, крывой і ўшчэнт разбітай коламі трактараў і грузавікоў, а паабапал зеўрылі на іх паўразбураныя , ледзьве жывыя , а то і зусім памерлыя ўслед, пэўна ж, за гаспадарамі,хаты. То з аднаго боку, то з іншага на вочы трапляліся фрагменты сеялак, плугоў, культыватараў, трактараў, разабраныя напалову некалі моцныя і прыгожыя цагляныя кароўнікі, свінарнікі...

– Бардачок, – нахмурыўся і пазяхнуў Матрунчык.– У машыне – што?.. У машыне так сабе... Бар-да-чок!..

А начальнік, добры і мяккі Васіль Паўлавіч, нічога не адказаў – зрабіў выгляд, што думаў пра нешта важнае, значнае...

НАВІНКА

У нашай вясковай краме з’явілася навінка: на відным месцы вытыркнулася бутэлька, на якой вялікімі літарамі было напісана: «Крот». Першым звярнуў увагу на навінку дзед Кузьма.

– К... к... рот... быццам, – з цяжкасцю, доўга трымаючы картузікам руку перад вачыма, прачытаў ён. – Крот, значыць? Што за халера такая, Маруся?

Прадаўшчыца, быццам не здагадваючыся, пра што размова, пацікавілася:

– Дзе?

Кузьма торкнуў пальцам на бутэльку.

– А-а... Ды гэта ж кратоў знішчаць, атрута такая,– растлумачыла прадаўшчыца і вокам ні міргнуўшы. – Напісана ж: крот. Навінка.

– То трэба купіць,-- вырашыў дзед Кузьма і палез у кішэню за грашыма. –Трэба падсыпаць перцу кратам. Парылі ўвесь агарод, нягоднікі. Падай, маладзіца, бутэлечку атруты, падай. Не паляніся. Я ім пакажу, кратам тым, дзе ракі зімуюць.

Неўзабаве пра атруту для кратоў прачула ўся вёска, і бутэлькі вокамгненна зніклі з крамы. Толькі на другі дзень разабраліся людзі, для чаго гэтая навінка з такім зразумелым надпісам на баку «Крот – чысціць трубы. Каналізацыйныя.

Пасмяяліся. Пабедавалі. Грошы ж патрачаны дарэмна. Якая ў вёсцы тут каналізацыя? У каго? Дзед Кузьма на ўсялякі выпадак папракнуў прадаўшчыцу:

– А ты куды глядзела? Ці табе, Маруся, абы збыць тавар, га?

Прадаўшчыца схамянулася, вырачыла вочы на старога:

– Ты... ты што гаворыш такое? Я ж, дзед, і на сваім агародзе бутэльку вадкасці той у нару заліла...

– З вашай навінкай!..– плюнуў дзед Кузьма, нацягнуў кепку на лоб і пачыкільгаў з крамы. – Хай я невук. А вы куды глядзелі, грамацеі?

ХАЛОДНАЯ ПАДУШКА

Што не кажы, а Вера чалавек асцярожны, прадбачлівы: каб не насіць пад вачыма ліхтары, яна адразу, як толькі Пятру трапіла кропля ў рот – для пачатку, для разгону – кідае ўсё, як ёсць у хаце, хапае падушку, коўдру і хаваецца дзе-небудзь на агародзе. Падалей ад Пятра. Падалей ад бяды.