Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 236

Васіль Ткачоў

Але сёння Пацяруха рашыў больш нікому не тэлефанаваць. Сцяміў: трэба даць час, каб тыя запрашэнні паспелі даставіць паштальёны па належных адрасах. І ў Магілёве, і ў Віцебску, і ў іншых гарадах. У сваім жа горадзе не стаў нікога турбаваць. Сваіх ён ведаў добра: тыя, хоць і атрымаюць запрашэнні, не прызнаюцца. Партызаны яшчэ тыя.

На другі дзень, напісаўшы паўтузіна вершаў і дачакаўшыся, калі жонка зноў зойме месца на лаве перад пад’ездам, Пацяруха бадзёра пацёр далонямі, і сам сабе загадаў: “За справу!” Выбар паў на Магілёў. Неяк быў ён на свяце паэзіі “Пісьмянкоў луг” і там пазнаёміўся з адной паэтэсай у капелюшы, якая выдала ажно шэсць кніжак вершаў і хацела іх адразу прачытаць прысутным, стоячы на сцэне перад мікрафонам, але яе ўсё ж спынілі нейкім чынам, хоць і каштавала гэта вялікіх намаганняў.

Пацяруха крэкнуў, прадставіўся.

–А-а, Гомель! Вельмі рада, вельмі рада пачуць ваш голас, шаноўны! – пачуў ён у адказ і далей як ні стараўся, доўга не мог уціснуцца ў гамонку.– А я вас толькі што ўспамінала, так-так. Верыце? А вы і лёгкі, як кажуць, на ўспамін. Што пішацца? Якія тэмы хвалююць? Потым, потым скажаце… Дайце нагаварыцца спярша мне. Я ж адна жыву… кантактаў амаль ніякіх, то засумавала… Гэта я вам не казала, што адна? Там, на лузе? Не, здаецца, нам жа не было калі… Дык вось і добра, што вы патэлефанавалі, я вам зараз прачытаю свае новыя вершы… Сваім усім я прачытала ўчора, то дужа хвалілі… Але ж мне хочацца пачуць слова пахвалы і ад вас, шаноўны… як гэта вас зваць, прабачце?..

Пацяруха рады быў, што яму нарэшце прадставілася магчымасць сказаць хоць гэтыя два словы: Дзяніс Іванавіч.

– Дык вось, Дзяніс Іванавіч, – адразу ж падхапіла магілёўская паэтэса, – мне хочацца пакаштаваць хоць траха пахвалы і міжгародняй, так сказаць… Не будзем губляць часу – слухайце мае новыя вершы… Ага, вам спярша пра каханне ці пра прыроду? Магу і пра горад, пра замежныя краіны, дзе я падарожнічаю іншы раз, седзячы перад экранам тэлевізара. Э-х-ха-ха-ха-а-а-а!.. Мы, паэты, павінны самі ствараць для сябе камфорт і ўтульнасць, каб было цёпла і светла…

– Мне ўсёроўна, – калі ўтварылася нарэшце паўза, ціха прамовіў Пацяруха і пашкадаваў, што не той набраў нумар: трапіў, адным словам, як рыбіна ў нерат, а яму ж чым хутчэй карцела даведацца пра з’езд.

Нарэшце ён знайшоў выйсце, як спыніць траскатню, параіў:

– А вы гэты верш прачытайце на з’ездзе… Успрымуць! З’ядуць! Геніяльны ж твор! Супер!