Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 237

Васіль Ткачоў

– На якім гэта такім з’ездзе? – паэтэса прытармазіла, зацікавілася.

– А што, вы хіба не чулі?

– Не.

– А я чуў… быццам нейкі з’езд намячаецца… Гэта мне сказаў адзін тут наш паэт, яго запрасілі…Дзіўна, і мне нічога не даслалі… А яму, кажа, прыйшло запрашэнне… Яны што – праз аднаго?.. Выбарачна?.. У каго пальцам тыцнулі – той і дэлегат, так атрымліваецца? Непадарак! Самавольства!.. Хоць нас, вядома ж, гэта і не тычыць, аднак справядлівасць павінна існаваць усюды. У якой дзяржаве жывём, папытаць бы?!..

Крыху пакрытыкавалі каго трэба і чытка вершаў працягвалася. Хоць ужо і аслабла рука, трымаючы слухаўку, замлела, аднак Пацяруха, разачараваны няўдалым званком, рашыў нарэшце ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, і цяпер вершы слухала ўжо яна, магілёўская паэтэса. Гэта працягвалася б, відаць, доўга, аднак вярнулася з лавы жонка і папрасіла, каб уступіў ёй месца каля тэлефона: дрэнна зрабілася камусьці з бабулек, неабходна выклікаць “хуткую”.

Жонка ўладкавалася каля тэлефона, а Пацяруха пачаў усё ж збірацца на з’езд. Было не было. Цікава ж паглядзець, каго яшчэ выклікалі. Дастаў заначку, апрануў новы бліскучы касцюм, кінуў у старэнькі дыпламат некалькі кніжак сваіх вершаў.

А шчыра сказаць калі, у яго меўся свой план на гэтую паездку…

– Ты куды гэта сабраўся? – напусціла на сябе строгасць жонка. – Чаму маўчыш? Я ў каго пытаю?

Пацяруха замахаў на кабету рукамі, маўляў, не да цябе зараз. Тут вырашаюцца важныя справы. А калі прыдумаў што сказаць, тое і давёў да яе ведама:

– У сталіцу еду. Выклікаюць па літаратурных справах. Няйначай, прызналі? Як думаеш?

– Ну, калі па літаратурных справах… – няпэўна паціснула плячыма кабета, – то глядзі сам, Дзёня…

– Толькі што патэлефанавалі, – схлусіў, не міргнуўшы і на гэты раз вокам, Пацяруха. – Праезд аплацяць. Усё чын па чыну. Мо ўзаб’ёся на якую-небудзь прэмію? Павінны!

Жонка села на табурэт, сумна ўздыхнула:

– Усе ж мне шкада цябе, Дзёня, вельмі нават. Столькі ты вершаў напісаў, столькі грошай патраціў на свае кнігі – і ўсё ўпустую…

– Пакуль, пакуль, – суцешыў жонку паэт. – Бачу сябе на п’едэстале з лаўровым вянком.

– Каб жа збылося!

– Збудзецца! Даю слова! Мой радок сам Барадулін хваліў! Мускулісты, кажа, у цябе радок, Пацяруха! Быць табе класікам! Прабач, толькі пасля мяне. А мне, скажы, якая розніца – пасля каго, га? То-та ж!

– Ну, едзь сабе,– зусім расчулілася жонка, адлічыла мужу грошы на дарогу і абед, што зусім някепска было да ягонай заначкі, і Пацяруха даў буську кабеце, прычыніў за сабой дзверы.

Прымай, сталіца!

Першай справай паэт накіраваўся да філармоніі, дзе павінен адбыцца з’езд. Але ён не дурань, каб адразу ж перціся ў дзверы, паказвацца, а схаваўся за дрэва якраз насупраць шыльды, якая ўказвала, што гэты бульвар носіць імя Мулявіна, і прыняўся назіраць за развіццём сітуацыі. Ага, вунь і Няхайчык шпацыруе! “Гэта той, каго не выклікалі!” Пацяруха на нейкі момант забыўся, што патрэбна захоўваць канспірацыю, хацеў было крыкнуць яму:”Прывітанне, дружа!”, аднак своечасова спахапіўся. Ды і каму было крычаць, калі Няхайчык схаваўся ў апошні момант за дрэвам насупраць і таксама сачыў за ўваходнымі дзвярыма, зрэдку выторкваючыся лысінай. Тут ён заўважыў, што з суседняга куста назірае за дзвярыма паэтэса ў капелюшы… А вунь празаік Цяпкін крадком выглядвае з-за парапета, як спускацца-падымацца ў метро… Ён з Брэста, здаецца… А вунь… А вунь… А вунь… Божа, ды тут дзесяткі знаёмых твараў! І ніхто не адважваецца першым заходзіць у памяшканне… Усе затаіліся і толькі зрэдку выглядваюць са сваіх схованак. Сядзяць у абароне. Калі ж пачнецца наступленне? Ну канешне ж, каму гэта ахвота заходзіць на той з’езд! Дурняў няма. Засмяюць. Як першаму, шчэ які прыз дадуць, картку размесцяць у газетах. Не! Туды ходу і яму, Пацярусе, няма! Навошта выторквацца, як Мікіта з канопляў? А вось хто прыехаў на той з’езд – цікава паглядзець. Але трэба зрабіць гэта так, каб сябе не паказаць.