Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 193

Васіль Ткачоў

– Як тэта мы з табой так, га? Ці ты таксама рашыў паскакаць над бабскую музыку? Яны закружаць. Яны ўмеюць. – Ён узняўся, круціць галавой: – Во, галава як не свая. I апахмяляцца не трэба... Усё плыве... усё кружыцца. Уставай, уставай i ты, слуп. – Падняў слуп, умацаваў. – Стой. Стой, братка. Вось так. Тварам на поўдзень... да сонца... цяплей будзе. Я зараз... Пачакай мяне. Я хуценька.

Праз колькі часу стары вярнуўся з бярэмем венікаў.

– Табе скажу, слуп, па сакрэце скажу... Я дзяцей сваіх выклікаў. Усіх дзяцей... Вінаваты я перад імі, а можа, i яны перада мной... бо як жонка памёрла – не едуць... i носа не паказваюць. А навошта ехаць? Што ў мяне возьмеш? Жыўнасць не трымаю, агарод запусціў. А галінкі новыя, моцныя... Дубовыя... Дзевяць штук. На адзін дзень, на пятае чысло дзяцей выклікаў. Прыедуць калі, то я кожнаму з ix па веніку – i няхай сякуць, сякуць мяне колькі моцы. Заслужыў. Заслужыў Сцяпан. Няхай адпішуць мне прачуханец, можа, i паразумнею... хоць i позна ўжо разумнець... позна... – Сцяпан кідае венікі перад слупом. – Гэта Кольку... Вольцы... Ваньку... Светцы... Ларысцы... Сашку... Ягорку... Клаўцы... Пецьку...

АЙ-Я-ЯЙ!

Калі яшчэ так хваляваўся саракагадовы механізатар Сяргей Хамічка, як было ў тую, апошнюю, ягоную паездку ў сталіцу, – і сам не прыпомніць. Гэта каб ехаў прагуляцца чалавек, тады іншая справа: глядзі-паглядай сабе спакойна ў акно з цягніка, а ў горадзе, перш чым прайсціся па люднай, як заўсёды, вуліцы усцяж дамоў-гмахаў, на людзей паглядзець і сябе паказаць, можна і куфаль піва апаражніць. Піва – рэч такая, што не пашкодзіць: ад яго, халера, і настрой скокне ўсярэдзіне, як ртуць у градусніку, угору, і смагу натоліць. Карысць пэўная ёсць. Мінус толькі ў тым, што не доўга носіцца тое піва, нешта дужа яно скора вонкі мкнецца, на волю. А горад – не вёска, тут людна, вачэй шмат: так і сочаць за кожным тваім крокам – прашпігуюць наскрозь, толькі не тое зрабі... А чалавек ён хваравіты, то – небяспечна куляць піва. Куфаль – так, можна, адзін шкоды не наробіць, хутка недзе загубіцца ўсяродку, суцішыцца.

А тады ехаў ён не гульбы ладзіць – у бальніцу, вёз здымкі з рэнтгену і апісанне хваробы, няйначай, да самога прафесара на кансультацыю. І вось трэба было думаць: куды спярша, ці па сваёй справе тэпаць, ці аднесці адразу паклажу ў тую акадэмію, дзе вучыцца на скульптара сусед Толік. Нармальны чалавек спярша свае справы вырашае, а тады ўжо – чужыя. Але як тут быць, калі ж матка яго, Пятроўна, напёрла ў торбу няйначай камення: адрывае руку паклажа. Трэба ўсё ж неяк пазбавіцца ад торбы – так вырашыў Сяргей Хамічка, іначай яна ўсё шлунне вытрасе, з ёй багата не паходзіш.

І ён спусціўся ў метро. Дарогу ведаў – не першы раз. Пакуль ехаў, паспеў пусціць колькі кпінаў на адрас Пятроўны: «Казаў жа ёй, каб перадала, калі ўжо так шкадуе свайго студэнта-басурмана, пук грошай, дык не паслухалася. А так і мне б было добра, і яму, мусіць жа. Пайшоў у сталоўку, нацерабіўся там, калі ёсць за што. Але ж Пятроўне не цягнуць самой торбу.... то што казаць: абы з рук, а там і гарам яно гары. Хоць мададзіца прызналася, што грошы яму дай, то прагуляе, а калі кавалак сала будзе, то не загаладае. Мо і яе праўда, матчына? Яно ж і разабрацца, дык пагодзішся – цяпер для маладых спакус навыдумлялі зверх меры... А сала, як у тым анекдоце, і ў Афрыцы сала...»