Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 194

Васіль Ткачоў

Дзе займаецца сусед Толік, высветліў адразу: жанчына, што дзяжурыла пры ўваходзе, аказваецца, добра яго ведае, таму адразу паказала, куды трэба кіраваць. У майстэрню. Там практычныя заняткі. «Лепяць фігуры». Ну, лепяць дык лепяць. Спыніўся перад дзвярыма, паляпаў. Ціха. Хоць там, адчуў, ідзе жыццё – было чуваць, калі затрымаць дыханне, як там перамаўляюцца, шоргаюць падэшвамі, нечым злёгку грукаюць. Зноў паляпаў, а калі не атрымаў дазволу на ўваход, лёгенька піхнуў ад сябе дзверы – тыя паслухаліся і і паднеслі яму, Сяргею Хамічку, бы на далоні, увесь краявід той майстэрні, дзе «лепяць фігуры». Гэта пазней ён сустрэнецца твар у твар з суседам Толікам, аднак жа спярша госць сталіцы ўбачыў перад сабой голую – у чым маці нарадзіла – дзяўчыну, якая стаяла перад суседам, трымаючы на сцёгнах рукі, шырока адставіўшы локці, а галаву крыху адкінуўшы назад: ляпі фігуру, скульптар! Нават калі Сяргей Хамічка выгукнуў ад здзіўлення: «Ай-яй-яй!» – яна, тая дзяўчына, не скранулася з месца. Стаяла, бы каменная, бы ўжо гатовая скульптура. Але ж не – трошкі варухнулася, лыпнула вачыма: жывая, іці яе маць! Нельга было сказаць, каб Сяргей Хамічка разгубіўся, але і адчуў сябе няёмка – упершыню ён трапіў у такую канфузлівую сітуацыю. Так блізка ён нікоднага разу – а пражыў жа, дзякаваць Богу, багата – не бачыў голай жанчыны. Адразу ж на месцы той уявіў сваю Вольгу, як, напрыклад, у прадлазніку, і ўбачыў: яна спалохана замітусілася , пачала хаваць-захінаць усе тое, што нельга глядзець нават яму, мужу, усім, што траплялася пад рукі – хоць тазам, хоць венікам, а хоць і растапыранамі пальцамі. Абавязковаа б накінулася: «Ты што – аслеп? Не бачыш, куды прэшся?» А яна – хоць бы што: пазіруе Толіку, а той і ласы, бач ты яго, глінай ці чым там квэцаць.

– А, гэта вы, дзядзька Сяргей, – нарэшце ўдзяліў яму ўвагу сусед, падаўся насустрач, выціраючы ганчуркай рукі. – А мы вось... ага... працуем... Лепім!

Сяргей Хамічка хацеў сказаць: «Ды бачу, бачу, чым ты тут займаешся», але замест гэтага зноў паўтарыў: «Ай-я-яй!» А сам зноў паглядзеў на дзяўчыну, тая расслабілася, села, паклала нагу на нагу, закурыла, і нешта гаварыла іншым хлопцам, якіх тут, у майстэрні, было яшчэ некалькі.

– Хто гэта? – калі выйшлі ў калідор, кіўнуў на дзверы Сяргей Хамічка.

– Натуршчыца, – спакойна, як ні ў чым, адказаў Толік. – Яна ў нас падрабляе.

– Што, за гэта, што таўчэцца перад вамі, цыцкамі трасе, ёй і плоцяць? – не паверыў госць.

– Канешне. І някепска. Кожны зарабляе хлеб, як можа.

– Ды яно-та так, ага... але ж... – развёў рукамі Сяргей. – Бяры вось, што маці перадала. Падсілкоўвайся. Табе, я бачу, трэба есці шмат: работа цяжкая. А то штаны тут, у сваёй акадземіі, згубіш. Ды на сала, на сала націскай.