Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 189

Васіль Ткачоў

– Не, за сталом. Я прыгатавала вячэру.

– Эх, бабы, такую вашу! Мужыка памянуць – i без віна! Іван твой перавернецца там, у магіле, ад такога памінання!

– Ты хіба не ведаеш, што за чалавек Іван быў? Няхай хоць цяпер у мяне на стале нічога не будзе, – быццам апраўдваючыся перад Сцяпанам, сказала Лідка. – Ты, я, Маруся – i памянём.

– Што робіцца, га? Што робіцца? Да чаго дайшлі! Не, я дружка свайго закадычнага памінаць вадой не буду, як таго хочаш.

– I не ўздумай прыперціся з бутэлькай! Не уздумай! – рашуча заявіла Лідка.

– Мае дзела!

– Тады лепш не прыходзь!

– Як гэта – не прыходзь? – пакрыўджана глянуў на Лідку Сцяпан.

– Сцёпа, я ж i памінак гэтых зусім не хацела рабщь. Я ж i сказала яму, калі жывы быў: памрэш, нягоднік, забуду на другі дзень. Ён жа ў мяне ў пячонках сядзіць, Іван. Во тут сядзіць... – паказала рукой, дзе яе боль. – Марусю папрасіла, калі раней адыду, каб побач з ім не хавалі мяне: жывы абрыд. Так што i ca сваёй бутэлькай не прыходзь.

– А я сказаў Івану: калі памрэш, не забуду цябе, братка. Як я цяпер у вочы яму гляну?

– А я табе сказала, што сказала. Мы тады з Марусяй пасядзім. Без цябе.

– Лідка, апомніся, не бяры грэх на сваю душу! – ёрзнуў Сцяпан.

– Грэх? Які грэх? Гэта піць – святое дзела? Так? Піць? – ускіпела Лідка. – А пра другіх вы думаеце, калі з бутэлькамі дружбу заводзіце, булькачы? Пра жонак, пра дзяцей – думаеце? Ён вось мяне адну пакінуў. Пад старасць. Я была яму трэба толькі маладая, здаровая. А цяпер сама касі, капай, саджай. Яму добра: там нічога рабіць не трэба.

– Дык ідзі і ты... туды, – крыва ўміхнуўся Сцяпан.

– I я пайду, а куды ж дзенуся. Адгуляў, паразіт, на гэтым свеце – і пайшоў сабе, а ты тут горбіся.

– Пі ці не пi, а колькі дадзена – столькі i прашкандыбаеш на гэтым свеце.

– Няпрауда! Яна, яна, зараза, яго скруціла раней, чым трэба. I цябе ж тое самае чакае.

– Завялася, завялася, малатарня, – паморшчыўся Сцяпан.

– Гэта ж нікому не гаварыла, што ён вытвараў. Сам рабіць ленаваўся...

– Дык і добра тады, што памёр, – сказаў i зачырванеўся Сцяпан: дрэнна сказаў.

– Ды i які ж работнік з чалавека, калі яго на пахмелле ліхарадка б'е? А гарэлку шукае. Мне трэба было б яго адразу прагнаць, калі маладая была. Нагой пад задніцу – вон! Як пажаніліся толькі, ён ужо i тады паказаў... Нікому не расказвала. Саромелася... Цяпер раскажу. Паслухай. Самагонку я выгнала – новую хату будаваць пачалі, людзей пачаставаць збіралася. Наваселле зрабіць. Радасць жа – новая хата.

– Гэта так. Асабліва тады, пасля вайны, цяжка было будавацца, – згодна кіўнуў Сцяпан.

– Схавала я самагонку i на працу калгасную пабегла. Лён церабілі, як цяпер помню. А ён дома застаўся – аканіцы падганяў. Працую сабе, ні аб чым кепскім не думаю, а ён, паразіт, усё пераштыкаваў на агародзе, сена перапальчыў, шукаючы яе, заразу... Я ўжо знала яго, грашок вадзіўся, таму i схавала. Не знайшоў. Тады што ён робіць, халера? Ведаў жа, паразіт, што самагонка ў вялікім бутылі была, наліў у парожні бутыль столькі ж вады, паставіў на стол, хлеба нарэзаў, цыбуліну паклаў, а сам глядзіць, калі я на абед бегчы буду. Толькі я парог пераступіла, а ён п'яным прыкінуўся. Ляжыць i стогне. Абарвалася нешта ў мяне ўсяродку, як убачыла, што палавіна самагонкі выпіта. Рукамі ўспляснула: «А такую тваю! У карчы схавала – i там знайшоу!» Натаўкла яму ў каршэнь, за бутыль з вадой – тады ж не знала, што там вада – ды i перахавала. А сама зноў на лён. Не паспела парог пераступіць, а ён да карчоў, параскідаў іх, знайшоў самагонку i амаль усю выпіў. Га?