Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 185

Васіль Ткачоў

– Не хочаш калі, то i бяды... Як я там адзін, без цябе? – суцяшае Зінку. – Прывык я, Зін, да цябе. Моцна. Але толькі да цябе – не да гарадскога жыцця, не падумай. Неяк не так усё тут, як у Бярозаўцы. Мітусня нейкая тут... А ў нас ціха, добра ў нас. I людзі ўсе табе знаёмыя. Усе свае яны. Усміхаюцца, вітаюцца пры сустрэчы. Здорава ў нас! Ты ж ведаеш, жыла... Пераедзем мо ўсё ж, а, Зін?

– Ой, Сцепка! – уздыхае Зінка. – I не ведаю, што сказаць. Няўжо ты думаеш, што да вёскі чалавеку лягчэй прывыкнуць, чым да горада? Ці змагу ж я? Бач, цяжка табе ў горадзе. А як мне там будзе?

Сцяпан задумваецца. Маўчыць, не адказвае. Ды i што тут скажаш? Відаць, i ёй, Зінцы, нялёгка будзе ў іхняй Бярозаўцы. Вось найшла каса на камень дык найшла! А бацькі яе? Уго, так адпусцяць адзіную дачку ад сябе, трымай кішэню шырэй.

– Па маці сумуеш?

– I па маці.

– Давай забяром яе да сябе? Месца хопіць. Няхай з намі жыве. Мае бацькі супраць не будуць, я ўпэўнена.

– Ды не будуць... Толькі ты маму маю не ведаеш. Яна ніколі не пагодзіцца, хоць ты ёй тут залатыя горы наабяцай.

На Зінчыных вачах блішчаць слёзы.

– Паслухай, Зін, а, можа, мне хоць на лета ў вёску паехаць, га? Пакуль пара там гарачая. Памагчы трэба. Няма ж каму працаваць, а тут яшчэ i я збег. Я толькі на гарачы час. А на выхадныя i ты да мяне будзеш прыязджаць.

У Зінчыных вачах яшчэ наболела слёз. Смяецца i плача. Нікога не саромеючыся. Калі з ёю было яшчэ такое? Каб i радавацца, i бедаваць – разам.

– Едзь, едзь, Сцёпка, – самі шэпчуць вусны. – Буду, буду прыязджаць. Тут жа недалёка, праўда ж? Канешне, блізка. Што тут ехаць? Мне да цябе рукой падаць будзе. А там, можа, i адпачынак вазьму...

Сцяпан прытуляе Зінку да сябе, чмокае ў шчаку, i няхай хто паспрабуе пасміхацца. Ого! Зінка за надзейнай сцяной, а Сцяпан у гэтым горадзе жыве па сваім законе. Іншых душа не прымае. Няма калі прымаць іншыя – трэба спяшацца ў вёску, у сваю родную Бярозаўку...

Бліжэй туды, к восені, калі пажоўкла лісце на дрэвах, вось-вось пачне усейваць дол, Сцяпан касіў у гарадскім скверы траву. Kaciў размашыста, бы на Чопкім лажку ўлетку, прыгожа касіў. Прахожыя нярэдка спыняліся, падоўгу назіралі за Сцяпанам – любаваліся. Не часта ў горадзе стрэнеш такога касца. Майстар. Артыст. На сваім месцы чалавек – адразу відаць...

СЛУП

– Прыехалі. Прыехалі, слуп, мы з табой. Апошні прыпынак. Твой i мой. Далей транспарт не ідзе, – Сцяпан стомлена зваліў слуп на зямлю, вьпраміў спіну, на якой нёс, ледзьве не ўпіраючыся носам у дарогу, драўляны ўказальнік, на шыльдачцы якога было напісана чорнай фарбай: «Кругліца». – Паляжы пакуль. Адпачні. Настаяўся. А ўсё ж i ў цябе някепскі занятак быў, га? Не проста стаяў – людзям паказваў, дзе наша вёска... дзе Кругліца.. Як міліцыянер у гарадах тых на перакрыжаванні. Туды, туды, грамадзяне, шуруйце. Да Сцяпана... Mapyci... да Лідкі... Ну што, устанеш? Ці паляжыш яшчэ? Ну, паляжы, паляжы. Зямля цёплая. Я таксама пасяджу. – Ён сеў на слуп. – Табе вось, як другу, адкрыюся: сёння таксама выпіў крышачку... грамульку. – Дыхнуў на слуп. – Чуваць? Ёсць трошкі, не абараняй мяне, не заслужыў. Учора ж зарокся: усё, Сцяпан, перакрываю доступ дурману ў свой арганізм, а прачнуўся – хочацца, ажно ўсяродку ўсё рыпіць, як у старых калёсах. Так прыспі-чыла, быццам за вугал іншы раз... I не перамог сябе – дапіў, каб ёй, халера ясная, усё жыццё ікалася... дапіў, ага, што з учарашняга ў бутэльцы засталося. А жывуць жа людзі i не п'юць, шэльмы! Яны што – з іншага месца на белы свет павылазілі? Дык не ж! Такія самыя. Паслухай, а можа мне i на самай справе кінуць? Што скажаш? Табе, гаворыш, усё роўна. А мне – не. Але гэта мы падумаем, слуп. Вышэй галаву. Хоць што тут думаць! Усё – кідаю! Раз i назаўсёды! Кранты! Еду ў бальніцу, бяру рэцэпт... паглытаю таблеткі, так i быць. Але ж ты, слуп, – ша! Hi слова пра гэта. А то разнясуць. Людзі такія. Хоць калі ў ix апендыцыт выразаюць ці грып прыліпне – я спачуваю па ўcix правілах. Усё: не п'ю! Дай пяць! – Сцяпан дакрануўся рукой да слупа. – Зараз, зараз я цябе, так i быць, прызначу на новае месца. Хопіць там аднаму стаяць у белым свеце. Бліжэй да людзей будзеш... Бліжэй да народу...