Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 183

Васіль Ткачоў

Дрыготка на ганку. Назад, у кватэру, вяртацца неяк адразу не з рукі. Няхай хоць бразгат той аціхне. У вушах так i звініць.

– Сцёпачка, – ён пачуў, як адчыніліся дзверы. – Чаму тэта ты так? Што з табою?

Зіна i сама прысела побач. Прытуліла галаву да Сцяпанавага пляча, уздыхнула:

– Сумна табе ў нас?

– Сумна.

– Нічога, міленькі, нічога. Прывыкнеш. Вось пойдзеш на работку, а пакуль адпачні, адпачні, а там абтаварышкуешся, у новую спецыяльнасць уцягнешся. Ну навошта сумаваць, скажы мне, Сцёпка? А я цябе кахаць буду, адзінага. Ежу гатаваць. А на выхадныя будзем да маці тваёй... цяпер ужо i маёй ездзіць, памагаць. Так, Сцёпка? Не сумуй. Будзь трошкі весялейшы, а то i мне тады робіцца сумна, як на цябе гляну. Слухаеш, Сцёпка?

– Слухаю.

– Пайшлі, пайшлі ў дом, – i Зінка першая ўзнялася, пацягнула Сцяпана за руку. Ён i не упарціўся. Ён ступаў паслухмяна ўслед, а недзе за спіною ўпаў на дол зялёны – дзецям толькі на зуб i браць – яблык. Лёгка чмякнуўся вобзем, а Сцяпану падалося, бытта шчоўкнуў ранні i не патрэбны нікому пакуль што яблык яму па галаве.

Вось той i завод. На токара вучыцца дык на токара. Яму, Сцяпану, было неяк усё роўна. Сказалі б, асвойвай спецыяльнасць зборшчыка ці наладчыка – няхай сабе будзе. Толькі што атрымаецца з таго, якая карысць, – гэтага ён не ведаў. Падай нарыхтоўку, збегай па шклянку газіроўкі, глядзі пільней, глядзі, як трэба заціскаць – ідзе вучоба. Здаецца, нічога такога i не робіць сапраўднага, а твар брудны, рукі перапэцканыя. Спецвопратка, што выдалі адразу ж, у першы дзень, – насі на здароўе! – самага апошняга памеру. Мусіць, i адчуваў сябе Сцяпан у ёй нязручна, што малады салдат пасля першай лазні. Скокнуў у рабочую апратку, а пазней засумняваўся – ці туды? Можа, i не трэба было б на токара? А на каго ж тады? Каб жа яшчэ хоць да арміі, а то хіба ж у такім узросце разцы вастрыць для усёй брыгады. «Малады, га, мала-ды! Чым заняты? Ага, лахманамі станок трэш. Не тое робіш – не забывайся, што брыгада сёння паўтары нормы дае. Помніш? Цудоўна, толькі ж гэтага мала: давай-ка за мае разцы бярыся. Затупіліся ўсе як адзін, што цагліна сталі. Бярыся, Сцяпан!»