Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 181

Васіль Ткачоў

Вёска зжалілася. Родная ты вёска! Пакінула яна ў спакоі Сцяпана, дала магчымасць звесці павекі, але ненадоўга. «Як там маці? А дзед Сымон? А Чопкі лажок? Касіць пара... Пара касіць!» Што ж тэта робіцца, не, вы падумайце толькі: Сцяпану касіць самы час, а ён сёння ранкам апаласне твар халоднай вадою з-пад краніка ды i пойдзе – як не пад ручку з Зінкай, каб не згубіўся ў лабірынце вуліц, – на завод, на працу ўладкоўвацца. «Каб, Маруська, ты мак ела ўсё жыццё! – злуецца Сцяпан, думкі распіраюць галаву. – Каб жа не ты, то я касіць бы ужо даўно падаўся. Каса ў мяне новенькая, сямёрачка, а ржавець будзе. Каб ты мак ела...»

Не, ну дык праўда ж: падвярнулася тут Маруся Саўкава са сваёю гарадской сяброўкай, стрэўся з імі на вуліцы Сцяпан, павітаўся без аніякай там лішняй думкі. Помніць, што азірнуўся, праводзіў незнаёмую дзяўчыну цікаўным позіркам, але каб вышэй узяў, у заўтрашні дзень зазірнуў – сам бы сябе дзіваком палічыў, прайграў бы ўсю матчыну хату разам з прысядзібным участкам, з градкамі тымі ды яблынямі, каб пад заклад біўся: тут свае, бярозаўскія дзеўкі, абмінаюць, а няўжо ж яна, гарадская, модная i з твару прывабная, затрымае на ім свой позірк? На каго глядзець? Сцяпан як Сцяпан. Хіба ж можна зазірнуць у яго душу, ацаніь яе здаля? Калі 3інка змагла, калі сама, то такой дзяўчыне i ён пара. Багатая душа ў Сцяпана. Дабрынёй поўніцца, што рака ўвесну вадою – з беражкоў выходзіць. Толькі ж ці i сама? Ясна, Марусіна работа. Пастаралася суседка. Спярша, канешне ж, з маці ягонай пашапталася, казала, мяркуй, на вуха старой Понцісе: «Ой, Ладыміраўна, i дзеўка ж Зінка! У горадзе жыве, а як вясковая: усё похапкам да похапкам. Мы з ёю разам на заводзе робім. Яна на аўтакары кіруе, дэталі з цэха ў цэх развозіць. Мужчынам нос утрэ. Утрэ, цётачка. I смірненькая, дамашняя. Думаеце, за ёй хлопцы гужам не ўюцца? Яшчэ б! Толькі яна абы на каго не кінецца, пераборлівая: мне, кажа, такі мужык трэба працавіты, як сама. Я, кажа, чэсна жыву, i калі падвернецца ўжо шчасце, то за яго трымацца моцна буду. Толькі каб гарэлкі не піў багата. Курыць – няхай сабе, не так брыдка. Гэта Сцяпан ваш – не прыпомню, ці курыць? Не, вось бачыце, я ёй таксама: каб сусед мой ды курыў. У вас жа i бацька не курыў. Яна ж, Зінка, i кватэру ў горадзе мае. Як кватэру? 3 бацькамі жыве ва ўласным доме. У самым цэнтры. Уяўляеце? Вёска ў горадзе. Яблык, цыбулька, парнічок – свае! Не з базару, капейка цалей як-ніяк... Зінка во i давыбіралася: дзяцей пара няньчыць, а яна не спяшаецца. А на Сцяпана вашага зірнула – целам апала: той, той, каго шукала! Не бяда, кажа, што няўклюдны трохі, мехаваты нейкі, затое ціхі, сарамлівы, рабацяшчы. Вялікі плюс, што чарку ў меру бярэ. А што жанчыне памыліцца? Век гаруй тады . Дык вось, Ладыміраўна, як бы нам пазнаёміць ix, звесці? Дужа б пара была роўная. Як трэба была б пара. Залатая».