Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 179

Васіль Ткачоў

– Заўтра ж паедзем. Разам з Васілём. Кеміш?

– Не, – матляе галавой стары. – Не разумею.

– У горад паедзем! Слухай сюды... У Васіля ж цёшча жыве. Баба вясковая – шустрая, як мятла. Мятла-а! Ёстваю няхай! І трэба ж было толькі цяпер успомніць. Ты ж бачыў яе?

– Бачыў, – ківае Андрэй, твар кранае лагода. – На вяселлі. Ага.

– Ну! А што табе яшчэ трэба! Мятла-а!

– З гораду наўрад ці паедзе... – сумняваецца Андрэй. – Прыгрэлася там, даўжно быць. Ні паліва табе, ні сена ж таго. Ці паедзе? Наўрад. А так маладзіца яна ёмкая. Слоў няма. Я б узяў.

– Хто ў сваты едзе, дзядзька? – Мішка падміргнуў. – Каб я, Мішка, ды сплахаваў, брак выдаў? Кладзі ў сумку пару пляшак гарэлкі, скрыль сала – і заўтра мы ў горад! Едзем! Заўтра! У горад!..

Мішка бяжыць на падворак, п’е проста з вядра ваду, абліваецца, фыркоча. Душны дзень. Якраз сярэдзіна, смаліць сонца. «Злесці і мне хіба? – вагаецца Андрэй. – А то напячэ макаўку, што тлумна стане. Але ж мо воз скора будзе? Ладна, пасяджу. Пачакаю Васіля. Што ён скажа?»

Зноў успомнілася Варка. З ёй пажыў Андрэй багата гадоў – з вайны. Яна ў яго не першая жонка была – другая, і прывёў ён яе, дзяўчо, у сваю хату з суседняга Крыўску. Добрая жанчына была Варка. З ёй і збіраўся дажыць век Андрэй. Не атрымалася. І маладзейшая за яго багата, і не хварэла асабліва, а завезлі ў бальніцу – не вярнулася.

Прыгадаў усё гэта Андрэй, узняўся. Ого! Спіна, як не свая. Чужая. Боязна варухнуцца. Калі выпростваўся, ажно хруснула нешта. Што паробіш – хутка восемдзесят. Багата. А як і не жыў. Прамількнула жыццё – бы бліскаўка ў небе. Калі ж той воз будзе? Карціць дачакацца, і цяпер не так ужо сена, як Васіля.

«Дзе ж ён там?» – Андрэй узіраецца і ўзіраецца ўдалячынь, на канаўскі шлях, дзе павінен паказацца воз з сенам. І Васіль на возе. Не відаць. Пакуль не відаць...

Стары толькі ўяўляе, што недзе едзе сена на калёсах... Едзе... Мусіць, яно ўжо блізка... Зусім блізка...

АДАПТАЦЫЯ

Як цяпер помніць Сцяпан: першы раз прачнуўся ён у гарадской кватэры i доўга ляжаў затаіўшыся, баючыся паварушыцца. «Ёлкі зялёныя, га! І ці ж гэта жыццё, скажыце? Не-е, не-е, не сцерпім такое, не вынесем. Колькі спаць можна? Цёмна на дварэ, справа зразумелая, але ж раніца ўжо. Маці каля печы таўчэцца, даўжно быць... І ці ж тэта парадкі, скажыце мне? Гультаі гарадскія». Побач – з правай рукі – ляжыць размораная, цеплая, бы толькі-толькі знятая з патэльні аладка, пульхнаватая, ёмкая па ўсіх жаночых вартасцях – з яго, канечне, Сцяпанавага, боку гледзячы – Зінка. Дакраніся – апячэшся. А Сцяпан дакранаўся. Асцярожна, нерашуча, бы да вострага язычка агню ці да якой-небудзь рэчы ў музеі, улучыўшы момант, каб не падцікавалі захавальніцы скарбаў, і хоць добра было яму, шчасліва, а ўсе ж, калі пакласці руку не на цёплае цела цяпер, значыцца, ягонай ужо законнай жонкі, а задумацца добранька пра жыццё, то адчуеш, як робіцца тлумна, неяк бязрадасна. І тады рука цягнулася назад... «Чаго? Чаго так адразу? Толькі пачынаецца, а ён у кусты меціць, у хмызы бытта тыя бярозаўскія, каб схавацца – як у дзяцінстве, калі мелі аўтарытэт у вёсцы хованкі. Падалей, надзейней! І ляжаў так Сцяпан нерухома, нацэліўшы невідушчыя вочы некуды пад столь, і не дыхаў. А тут i па патрэбе якраз... Ісці належыць шукаць той куточак, зачыняцца, цурчаць вадою.