Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 180

Васіль Ткачоў

Цурчаць – яшчэ можна, няхіграя справа, але ж тыя будуць чуць. Як? Што падумаюць? Бяда-а! Вобмацкам, бы кот той, шкрабіся: разбудзіш цесця з цешчай, тады ступі ў той куточак... А мо да раніцы счакаць? Няхай ужо прачнуцца першыя... Калі яны ўсхопліваюцца? Пачакаем. Во траіў у прасак, каб яго... Быццам і свой у гэтай хаце, а дыхнуць на поўныя грудзі няможна, не маеш на тое права. Бы ў клетцы. Птах ты, а не Сцяпан. Чаму ў вёсцы прасцей. Усхапіўся хоць сярод ночы, хоць раніцай, раз-два – і парадак. Напрацуюцца людзі, дзе ўжо там чутны будуць твае крокі. Хоць страляй. Усе роўна не падымеш. А ў горадзе, мусіць, чутна спяць. Муха крылцы расправіць – рыпяць спружыны: ніяк цешча заварочалася, заварочалася... Ат! Ён туліўся да Зінкі, тая мармытала са сну («я... ты... не пае-дзе...»), выцягвала з-пад лёгкай коўдры белыя – цёмна, хоць вока выкалі, а яны ўсе роўна белыя – рукі, кароценькія, пухленькія, пацягвалася, і нейкая сіла гарнула яе да Сцяпана. Сцяпан апынуўся ў абдымках і не ведаў, ці выслабаняцца яму ад Зінчыных рук, ці то i ляжаць ужо так, заціснутым як прадыхнуць. Што маладому каню аброць на мордзе – так яму рукі тыя. Нязвычна, дзіка. А Зінка, хоць і спіць, горнецца i горнецца ўсім целам і цёпла дыхае ў твар. Спіць, бачна ж, а горнецца. А ў Сцяпана адно розум займае: дык як быць усё ж? Тэпаць ці счакаць? Але нічога не прыдумвае, ляжыць, зацугляны шчаслівай 3інкай, ні жывы ні мёртвы, і адплываюць туды, далей, на задні план, усе трывогі ягоныя, а ў вочы, як кажуць, лезе вёска. Наступае хатамі, дрэвамі, людскімі тварамі. Адно боязна, чаго тэта яны? Ці з глузду з'ехалі? «Я ж не дэзерцір, я ж свой!» – хочацца крыкнуць Сцяпану. Не крыкнеш. А вёска вось-вось тыцнецца ў гарадскі дамок, спляжыць яго, разварушыць, а ён, Сцяпан, застанецца сядзець над голым небам на ложку, прыхінуты коўдрай з ног да жывата. Як усё роўна комін разбуранай хаты, застанецца ён пасярод двара. А хаты – няма. Адны бярвенцы валяюцца, посуд розны – міскі ды каструлі. Зінка ж, мусіць, так і будзе спаць, на ўсялякі выпадак трымаючы яго за плечы – каб не даў лататы, не пакінуў яе адну. Будзе спаць, будзе... Яна і ў Бярозаўцы, колькі жылі, спала. «Здаровая маладзіца, – матчыны словы. – Хай лепш спіць, чым хворая якая... радуйся, Сцяпан, што і тварыкам, і целам удалася дзеўка».

Наступае вёска. Цісне. На ўсяго яго – з ног да галавы – цісне. «Я не дэзерцір-р!». Супыніце яе, не дазвольце, людцы добрыя, каб яна на новае Сцяпанава жытло наехала, раструшчыла яго. Хіба ж гэта ён вінаваты? Не! Не-е! Ён тут ні пры чым. Ён мо і сам не рады, што ўсё вось так атрымалася, наўскасяк выйшла, хоць прызнацца трэба, а як жа, i прачнулася нешта светлае ў яго да Зінкі. А чаму б i не? Млее вока, як зірнеш на Зінку. «I як тэта яна ў горадзе згубілася? Столькі хлопцаў, а не бачылі. Не верыцца Сцяпану, што ўсё гэта яго. Не верыцца. Бяры, карыстайся, а не дыхнуць на поўныя грудзі: чужы чалавек Сцяпан у горадзе, не для яго народжаны, сам адчувае, таму i не бярэцца так, як хацелася б, i не скарыстоўваецца. Гіблая справа. Нечага не хапае. I як будзе хапаць, калі паветра нават тут не такое, як у Бярозаўцы...