Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 166

Васіль Ткачоў

А як памерла яна, то людзі пахавалі. Колька не прасыхаў, нават на могілкі не раскатурхалі яго. Цяпер во зарос грудок бадыллём, ні помніка на ім, ні надпісу ніякага на пачарнелым ад дажджоў і вятроў драўляным крыжы. Дачка няблізка жыве, недзе ў Сярэдняй Азіі, пад Ташкентам ці што, і прыехаць ёй на радаўніцу не выпадае цяпер. Яна і раней не рвалася да маткі, а сёння хоць і захочаш, не прыедзеш – грошай вялікіх каштуе паездка, а яна не мільянерка, па ўсяму відаць. А Колька зусім апусціўся, на чалавека мала падобны, патлаты, нямыты, смярдзіць ад яго гэтак, што не падыходзь. Раней дзевак з сінякамі пад вачыма – і дзе толькі ён іх адкопваў, у якіх краях? – вадзіў да сябе ў хату, а цяпер булькае толькі з мужыкамі – такімі, як і сам мурзамі. А разумным жа чалавекам быў, у школе вучыўся добра, нават паступіў быў у інстытут, хоць там ужо не затрымаўся доўга: на бульбе напіўся і пакалашмаціў выкладчыка, які зрабіў заўвагу, каб не мацюкаўся. Скончылася выключэннем. Ну, а потым пайшло-паехала... Кажуць, быццам нават да маткі чапляўся: «Давай, к-курва, кладзіся... спаць будзем!»

Ганна і ўцякла тады ў дом для састарэлых. Пенсія ў яе па тым часе была добрая, узялі і не пыталіся асабліва, што ды як...

Вось, бадай, і ўсё, што я ведаў пра цётку Ганну. Асобная ж старонка ў яе жыцці – гэта паездка ў Маскву і наведванне маўзалея. Пра гэта ўвесь пасёлак ведае, нават тыя, хто ніводнага разу не бачыў цётку Ганну. Кажуць, бывае: «Адна ў нас у маўзалей хадзіла... Паслухайце – абхахочацеся, г-гы!»

А я сам чуў, як расказвала Ганна і пра Маскву, і пра маўзалей. Не мне – старэйшым людзям, а я, смаркач, прыладкаваўся побач і слухаў. Як цяпер бачу цётку Ганну і як цяпер чую яе крыху грубаваты, падобны на мужчынскі, голас. Было гэта ў сярэдзіне шасцідзесятых гадоў. Рабіла тады Ганна на ферме даяркай, і добра, мабыць, рабіла, калі яе партрэты часта скакалі з газеты ў газету. За добрую працу і ўзнагародзілі цётку Ганну паездкай у Маскву. З раёна тады набілася ў грузавік перадавікоў багата. На сене ехалі – мякка. Гэта пазней аўтобусы ў модзе сталі, тады – не, тады было так. Цар-гармату і цар-звон паглядзела яна разам з усімі, у музей рэвалюцыі схадзіла, выступіў перад імі стары бальшавік, які хваліўся, што бачыў Леніна. Па крамах пашасталі. Трэба ж было – заказаў набрала Ганна ў суседзяў і знаёмых, што рук не хопіць, каб усё панесці. Добра яшчэ, што ў школе, дзе начавалі, мужчыны па чарзе сцераглі транты, што паміж экскурсіямі паспявалі купляць жанчыны. Мужчыны, хоць перадавікі, больш пілі і ў карты гулялі.