Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 167

Васіль Ткачоў

Чаргу ў маўзалей занялі раненька – нехта падказаў так зрабіць, а то можна не трапіць да Уладзіміра Ільіча. Натапталіся ў скверыку, пакуль не адчынілі маўзалей. Але нічога – і людзей паглядзелі-паслухалі, і марожанага наеліся. Пакуль стаялі, Ганна паспела ў ЦУМ адскочыць з нейкай кабетай. Прыбегла задаволеная, з вялікім пакункам, шчасліва ўсміхалася.

А чарга ледзьве рухалася, хоць і не стаяла на месцы: людзі ідуць, ідуць...

Перад самым маўзалеем Ганну надзядіў увагай міліцыянер, паглядзеў на яе патрабавальна і строга, што прымусіла жанчыну ўспомніць пра клунак, куды яна ўпакавала колькі часу назад пакупкі, і яна схавала клунак за спіну.

– Жанчына, – не дужа строга, але гучна і афіцыйна сказаў міліцыянер. – З рэчамі нельга хадзіць у маўзалей.

– А што ж? А куды ж?.. – зачырванелася Ганна, затапталася на месцы, зіркаючы на землякоў. – Столькі ж прастаяла – і нельга? Што вы гэта гаворце? Што маім рэчам там зробіцца, у маўзалеіі?

Міліцыянер усміхнуўся, борздзенька падышоў да Ганны.

– З вашымі рэчамі, можа, нічога і не зробіцца, я не ведаю, – залыпаў ён вачыма. – Я за іх не адказваю. А ў маўзалей нельга. У камеру здаць належыць. Чытаць трэба...

– І праўда ж! А я і забылася. Даруйце, таварыш участковы, – сустрэлася вачмі з міліцыянерам Ганна. Яна сцяміла, што з ім размаўляць трэба больш далікатна, тактоўна, паспрабавала нават усміхнуцца. – Больш не буду. Яй-бо, не буду. Каб я праваліся, дзе стаю!

– Тут, цётка, не трэба, – задаволена рагатнуў міліцыянер. – Тут святое месца – Красная плошча.

– Цьфу ты, я і забылася! – асцярожна паплявала Ганна.

– Менш размоў, цётка! Ты не ў калгасе! Выйдзі з чаргі з рэчамі. – Паспяшаўся на выручку калегу яшчэ адзін міліцыянер, вырас перад Ганнай.

Ганна замітусілася, разгублена заміргала вачамі, шукаючы падтрымкі ў землякоў, аднак яны маўчалі, бы вады набралі ў рот, а той дзядзька з райкома, што быў за старшага, скасіўшы вочы на грознага міліцыянера, спалохана шапнуў ёй, бы спадцішка ўшчыкнуў: «Рабіце, што гавораць...»

– Не, я таксама ў маўзалей хачу!– выпяла грудзі Ганна перад райкомаўскім начальнікам, ссунула бровы. – Я што – пабягу камеру тую шукаць? Хай яна гарам гарыць! Мужыкі, адвярніцеся! Адвярніцеся, кажу, мужыкі! Бабы, захініце мяне ад іх, ненажэрных! Во, во так. – І яна, нібы блазнуючы, загаварыла паўшэптам да жанчын. – На ўвесь пасёлак калі ж трусоў накупляла, каб яны задубелі, трусы тыя. Во, во, я зараз іх усе, трусы, на сябе надзену. Ці налезуць толькі? Павінны. І не будзе рэчаў. Хоць раз у жыцці мінісцерскім азадкам патрасу. Што пад спадніцай, то ўсё маё. А то, бач ты іх, у маўзалей не пускаюць. Можна падумаць, што трусы там узарвуць маўзалей. За кім, можа, і трэба вока, толькі не за Ганнай. Ну, жанкі, дзе там міліцыянер? Расступіцеся, бабы! Усё, галубчык, няма рэчаў! Здала, здала ў камеру. Ага! Дык што, можна праходзіць?