Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 165

Васіль Ткачоў

Клаўдзія Сцяпанаўна пашкадавала Тамару: як яна там, гаротніца? Ад гэтых думак пазбавіла яе адна крыклівая бабулька, якой нехта з мужчын наступіў на нагу. Узняўся вэрхал. Дасталося беднаму мужчыне – не дай гасподзь. Пра сябе ён даведаўся шмат таго, чаго раней, пэўна ж, і не чуў. Клаўдзію Сцяпанаўну гэтая сцэнка кранула больш за іншыя, а іх за час стажыроўкі было зашмат, пра ўсе і не ўспомніш. «У тым жа Душанбэ жанчыны на мужчыну такіх памыяў ніколі не лінуць. Ніколі. Сцерпяць. Там мужчына – гаспадар. Усюды: і дома, і на вуліцы. Там ён у пашане. Тыдзень будзе дзесьці блукаць, як сакавіцкі кот, і жонка папракнуць яго не зможа. А калі гасцей- мужчын прыводзіць гаспадар у свой дом, жонка моўчкі прыгатуе выпіць і закусіць, і адразу ж знікне, больш яе ніхто не ўбачыць... Гэта мы, славянкі, сядзім перад мужчынамі, у рот ім глядзім, дужа разумнымі прыкідваемся. Там – не так. А дзе лепш, дзе горш – паспрабуй разбярыся ў гэтым ідыёцкім жыцці». Яна прыгадала таго патлатага хлопца, які не пажадаў сплочваць за праезд, як на яго шыкалі адны жанчыны, і крыху суцешыла сябе: «Хоць якія ж у нас тут мужчыны? Можа, яны таго і заслугоўваюць?..»

Горад расквецілі агні. Неяк неўпрыкмет звечарэла, паменела пасажыраў у аўтобусе, і Тамара, выкраіўшы вольную хвіліну, падсядала раз-пораз да стажоркі, паказвала ёй, як рабіць гэта, як – тое... Клаўдзія Сцяпанаўна ківала, дзякавала.

– З першай палучкі з вас прачытаецца,– не тое каб сур’ёзна, не тое жартам сказала Тамара і паспяшалася абялечваць чарговага пасажыра.

Клаўдзіі Сцяпанаўне захацелася чамусьці хутчэй трапіць у братаву кватэру, залезці ў ванную і змыць увесь той бруд, якога, адчувала, багата наліпла- начаплялася на яе сёння на гэтай вось першай і, мусіць, апошняй стажыроўцы.

Трэба падумаць, як жыць далей. Наперадзе было яшчэ багату часу – вечар, ноч...

ПРА ГАННІНА ЖЫЦЦЁ І МАЎЗАЛЕЙ

Цётка Ганна жанчына была прыгожая. Высокая, з доўгай чорнай касой, твар смуглявы, быццам увесь час на ім трымаўся загар, і стройная была, рухавая. І вельмі ўжо не слова вострая. Іншы раз так апярэжа каго слоўкам, што хоць скрозь зямлю ад сораму. А яна адно пасміхаецца: што, шалапут, праўда вочы рэжа?.. Мужык, кажуць, таму і драпануў ад яе, праз слова гэтае. Даўно было, у твар нават не помняць людзі таго першага і апошняга Ганнінага мужыка. Дзеці засталіся ад яго, адна іх падымала. А пасля вайны цяжка, клопатна было. А ў вайну хіба мала набедавалася? Сэрца вышэй пятак не падымалася. Як рак пад корч, хаваліся ў той бліндаж, дрыжэлі-трымцелі там, бо наверсе і кулі лёталі-свісцелі, і снарады разрываліся як не на самым агародзе, і з неба кідалі на пасёлак бомбы. Выжыла неяк. І сама, і дзеці. А што толку? Ганна не раз думала роспачна, як жыццё сваё перагортвала, узважвала, быццам на далоні трымаючы: ну і скажыце вы, людцы, якая карысць мне ад сваіх дзяцей, каб ім затлуміла?.. Няма чаго добрага ўспомніць. Пустое месца. Дачка яшчэ так-сяк, а што пра сына казаць? Чужы чалавек, бывае, лепшы стрэнецца, чым свая крывінка... Ганна ўмоўчвала багата чаго пра Кольку, не прызнавалася людзям, што ён вырабляў. Аднаго разу, праўда, у доме для састарэлых, незадоўга да смерці, паскардзілася бабулькам, такім жа бядотным, як і сама, што кавалка хлеба шкадаваў. Прап’е грошы, есці няма чаго, адно паўбохана хлеба ляжыць на стале. Звычайна чэрствага, бо калі п’е, то есць мала. А п’е кожны дзень. Ганна не краналася, Божа барані, таго хлеба: кармілася асобна, так сын пастанавіў. Асобна дык асобна, невядома, каму горш. Але, выходзячы з хаты апахмяляцца, злы на матку, што грошай не прыберагла палячыць яму галаву, Колька паказваў на той хлеб і шыпеў: «Каб да хлеба, б... старая, і пальцам не бралася, к-курва! Мой!»