Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 164

Васіль Ткачоў

Неўзабаве аўтобус завяршыў пасля перазменкі першы круг. Тамара падсела да стажоркі.

– Не заснулі? – пацікавілася яна і глыбока пазяхнула. – Фу-у, спаць хочацца. І ноччу быццам нічога такога не рабіла...

– Не, не заснула,– проста адказала Клаўдзія Сцяпанаўна. – Не было калі ...

– Тут і сапраўды не заснеш. Хоць к канцу змены ног не адчуваеш – дзе стаяў, здаецца, там і плюхнуўся б. Я ўжо мужа і не падпускаю да сябе у такія дні. Яны не менш крытычныя... Ён, блазнюк, злуецца, пытае, можа ты там з шафёрам шуры-муры круціш, таму сытая? Раўнуе, а калі раўнуе, то любіць. Хай. А што, Саша нічогі хлопец. Калі і здраджваць, то ўжо з такімі, як ён : каб прыемна было... – Тамара ўздыхнула, запунсавелася, мляўка пацягнулася і, падалося, спалохалася сваёй шчырасці, затуліла рот вузенькай далонькай і крадком глянула ў той бок, дзе корпаўся ў кабіне вадзіцель Саша. – Яшчэ пачуе!..

«Шчаслівая»,– чамусьці падумалася пра Тамару Клаўдзіі Сцяпанаўне.

Тамара ж паспела яшчэ шапнуць на самае вуха Клаўдзіі Сцяпанаўне:

– У нас тут усё па парах разбіта. Толькі квазімоды ды старухі не ў хаду... Ага. Хочаш таго ці не, а гэта стала ўжо нейкай завядзёнкай... Хто дзе прыспасобіцца... А я баюся... у Толіка майго рука моцная... А?

І яна націснула на кнопку-гузік: падала знак, каб аўтобус кранаўся. Клаўдзіі Сцяпанаўне ж падумалася: « Навошта, дзівачка, яна мне пра ўсё гэта расказвае? З чаго б? Хіба, можа, думае, што калі жыла я сярод таджыкаў, то дазваляла сабе вольнасць? Адкуль у іх такое?.. Хутчэй – наадварот: там, у далёкай далечы, яшчэ больш цэніш свайго мужыка, беражэш сваю сям’ю, бо там мы – госці, а ў гасцях трэба заўсёды паводзіць сябе прыстойна. Хоць за ўсіх жанчын не скажу... Ёсць, ёсць... Але ж дзе іх няма? Там, мусіць, дзе і зусім людзі не жывуць... Ну, Тамара!..»

Аўтобус сунуўся па маршруце даволі марудна – час «пік», таму людзей набівалася на кожным прыпынку процьма, столькі выбіралася на волю. Штурханіна. Абразы. Енкі- крыкі. Толькі адна жанчына пасмяшыла крыху люд, унесла нейкае ажыўленне. Калі яе заціснулі адразу ж на прыступках, бы абцугамі, яна весела загаманіла:

– Што ж вы робіце, людцы добрыя?! Сапсуеце ўсю маю хвігуру, тады зусім мяне дзед мой любіць не будзе. Пашкадуйце. Ці чуеш, Коля? Паглядзі, паглядзі, што яны з твай бабай робяць? Каб абняў, я маўчала б... Коля!.. Камечаць, як і ты мяне ў маладыя гады! Во даюць, во топчуць, неслухі! Ты, Коля, дзе там? Жывы хоць, га?

Пасажыры, што стаялі бліжэй да жанчыны, пачалі аглядаць яе... і шчыра ўсміхаліся: табе, цётка, ужо ўсё роўна, якую мець постаць і Коля твой нікуды не падзенецца, калі не маладзейшы. А Коля ўсё ж азваўся:

– Тут я. Тут...

Хоць і давялося яму крышачку пачырванець – за ўсё сваё доўгае жыццё з гэтай кабетай так і не прывык ён, падалося людзям, да яе жартаў. А яна малайчына! З такой жонкай, па ўсяму адчуваецца, не прападзеш, хоць і гора іншы раз цяпнуць можна. Ці не так? Лепш пра гэта папытаць бы ў самога Колі...

Тамара ж выбівалася з апошніх сіл, але, арудуючы локцямі і тоўстым, шырокім сваім задам , неяк прадзіралася праз джунглі пасажыраў, толькі больш дарэмна: ніхто амаль не стараўся сплочваць за праезд. Тут, праўду кажучы, і не дабрацца да кішэняў і барсетак: заціснуты людзі з усіх бакоў, паралізаваны. А той-сёй і рады быў такому, своечасова ацаніўшы сітуацыю: гэта ж трэба быць кантралёрам вялікімі дурнямі, каб лезці ў такое пекла. Таму моўчкі пасопвалі, назіраючы за ўсім, што тварылася ў аўтобусе.