Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 16

Васіль Ткачоў

Разважаючы пра ўсё гэта, участковы Баравы сам таго не заўважыў, як нарадзілася ў яго ідэя арыштаваць Кандрацьку і Валодзьку і пасадзіць у склеп. Ён так і зрабіў. Аднак узняў лямант усё той жа загадчык фермы Палазкоў, бо няма каму рабіць замест іх, і участковы падаў яму ключ:

– Адмыкай, калі так дужа трэба. Але спярша трэба было папытаць у дырэктара, ці згодны ён?

– Дараваў, дараваў Паўлавіч,– часта затрос галавой Палазкоў. – Сам хадзіў да яго. На парукі ўзялі хлопцаў. Больш не будуць!

У той дзень участковы паставіў кропку ў яшчэ адной крымінальнай справе, і таму настрой у яго быў добры : парадак перш за ўсё, і няхай усе ведаюць, хто тут стаіць на яго варце.

Вось так!

12

Настаўнік Шэпелеў на першым жа ўроку ўспомніў, што яго ўчора прасілі ў сватах паказаць фокусы, але тады не было ў яго настрою, і настрой гэты з’явіўся толькі сёння. І таму дзень ён пачаў з фокусаў. Ледзь пераступіўшы парог класа, ён загадаў усім вучням глядзець толькі на яго і глядзець надзвычай уважліва, засяроджана. Вучні паслухаліся. А потым настаўнік папрасіў дзённікі ў трох вучняў і паставіў ім дрэнныя адзнакі.

– Вы сёння не падрыхтавалі хатняе заданне. Я не памыліўся?

Тыя прызналіся: так, не падрыхтавалі. Больш таго, усе яны ахвотна растлумачылі, чаму не падрыхтаваліся да заняткаў. Адзін хварэў, другі ездзіў у лес па дровы з бацькам, а трэці ўвогуле забыўся, што трэба было вучыць верш на памяць.

– Вось гэта фокуснік дык фокуснік!– разявіў на перапытку рот адзін з невукаў, Сашка Баравы. – А я не верыў!

Паколькі Сашка Баравы быў сынам участковага, то Баравы-старэйшы, паглядзеўшы ў сынаў дзеннік, адразу зрабіў сур’ёзны твар, насупіўся і сабраўся нанесці візіт Шэпелеву.

– Як жа так? Мы ж з ім разам ехалі, былі, панімаш, і ў сватах, а ён сыну «двойку» ўляпіў! Такія фокусы ў мяне не праходзяць!

І ўчастковы патупаў да фокусніка.

Фокусы, падобна на тое, у Хутары будуць працягвацца...

2000 г.

ГУЛЬНЯ

1

Амаль у адзін і той жа час з пункту «А» ( Чарнігаў) у пункт «Б» (Гомель), і насустрач, выехалі два чалавекі: дацэнт факультэта славянскіх моў Чарнігаўскага універсітэта імя Т.Р.Шаўчэнкі Васіль Будзёнаўскі і дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага універсітэта імя Ф.Скарыны Віктар Ярась, абодва былі ў строгіх касцюмах, пры гальштуках і абодва з’яўляліся прызнанымі паэтамі, членамі творчых саюзаў сваіх незалежных з нядаўняга часу краін. Васіль Будзёнаўскі ехаў у госці да Віктара Ярася, а Віктар Ярась – да Васіля Будзёнаўскага. Славяне сябравалі. І даўно. Таму пра паездку адзін да аднаго нават не дамаўляліся, яны рабілі гэтак і раней, сабраліся... і паехалі. «Няхай Васілю будзе сюрпрыз!», «Няхай Віктару будзе сюрпрыз!» Колькі разоў так яны ўжо рабілі, і нічога – прамашак не было: заўсёды сустракаліся, як і мае быць, на належным узроўні. Поціск рук, абдымкі, а з моцных напояў не бралі ў рот ні кроплі. Плюньце таму ў вочы, калі кажуць, што паэты п’юць занадта, меры не ведаючы, як вярблюды перад спёкай – прызапас. Гэтыя не п’юць. Ні кроплі. Для многіх, мусіць, і сапраўды цікава – а навошта ж яны тады збіраюцца, ездзяць у госці адзін да аднаго? Што, ім больш няма чаго рабіць? А яны ездзяць, бо ім, відаць, нешта ж во цікава разам. І не лічаць сябе дзівакамі.