Читать «Варона» онлайн - страница 80

Васіль Ткачоў

– Пайшлі, Дружок, адсюль, – спалохаўся Арцёмка, яму падалося, што міліцыя вось-вось паймае і яго, запіхне ў “варанок”, а сабаку, скажуць, і так добра будзе, няхай бяжыць куды хоча, і ад ўсяго гэтага хлопчыку зрабілася ніякавата, ён пашкадаваў, што адразу не аднёс пісталет, а цяпер, канешне ж, ужо позна: што будзе, тое будзе. – Там ёсць патроны. Пастраляю, і аднясу…нічога з пісталетам не зробіцца… Бо калі яшчэ так падфарціць?.. Хто мне яго дасць?.. Тым больш, я ж загарнуў пісталет у сваю майку…Не пашкодзіцца…

А тут якраз і міліцэйскі легкавік паказаўся. Арцёмка знерухомеў, а тады з палёгкай уздыхнуў: той праехаў міма.

12.

Міронава ўсё ж убачыла Арцёмку – якраз у той час, калі ён стаяў з Дружком каля камка і прыкідваў, што б ён купіў, калі б меліся грошы: хацелася есці.

– Ой, Арцёмка! – зніякавела дзяўчынка.– Я ж цябе шукаю. І не толькі я – увесь клась. Так-так, не здзіўляйся.

Арцёмка паглядзеў па баках: нікога няма. А яму пасля слоў Міронавай падалося, што з усіх бакоў падыходзяць аднакласнікі, і таксама, як і яна, радуюцца. Нарэшце! Вось ён, злосны парушальнік школьнай дысцыпліны! Узяць яго!.. Аднак каля камка, акрамя Міронавай, з аднакласнікаў нікога больш не было, і гэта надало хлопчыку ўпэўненасці. І, што сам заўважыў, ён нават абрадаваўся сустрэчы з Міронавай: можна будзе распытаць пра школьныя справы. Ды і не толькі пра іх – хочацца пабыць побач з дзяўчынкай, якая сядзіць за адной з табой партай, іншы раз замаўляе за яго выратавальнае слова, калі хто-небудзь стараецца абразіць. А такое бывае, ёсць нахабнікі, бо яны ведаюць, што Арцёмка рэшты ніколі не дасць, змоўчыць, будзе думаць пра нешта сваё, толькі аднаму яму вядомае. “Няма мне калі з вамі тут разбірацца!” Чым не момант упікнуць, паказаць сябе? Гляньце, які я герой, а хто ён, гэты Арцёмка? Пустое месца!.. Хоць каля дошкі ён, не пярэчым, фору дасць многім. Але гэта каля дошкі. Ёсць жа яшчэ і класнае памяшканне, дзе можно на перапынках паказаць сябе з усіх бакоў.

Арцёмка і сапраўды абрадаваўся сустрэчы з Міронавай.

– Цябе ў класе чакаюць, – сказала яна. – Калі будзеш? Заўтра? Ты мне адкажы: заўтра? Я, я паабяцала цябе адшукаць, калі хочаш ведаць. З зямлі выкапаць цябе паабяцала. І я, між іншым, не здрадзіла табе… Ніхто не ведае, што ты сядзеў у падземным пераходзе з працягнутай рукой. Пра іншае ведаюць, а пра гэта – не…

Арцёмка спярша апусціў вочы, потым падняў іх на дзяўчынку:

– Скажы: буду.

– Калі?

– Тут, разумееш, трэба мне адну справу вырашыць…

–Якую справу, Арцём? Чвэрць заканчваецца!

–Я не магу дома паказвацца… Грошы патраціў… Пачакай! Ленка, а ты не магла б з дому прынесці мне нажніцы. А?

– Навошта яны табе?

– Дружка пастрыгчы. Бачыш, як валачэцца ў яго па зямлі шчацінне?