Читать «Варона» онлайн - страница 79

Васіль Ткачоў

– Трэба адсюль уцякаць, – Арцёмка паглядзеў на сабачку. – Не аддам… Нікому не аддам пісталет… Пайшлі, Дружок… Хутчэй… Тут, бачыў жа, ёсць патроны… Нам толькі мішэнь знайсці, і мы пастраляем з табой… Пабеглі, пабеглі, Дружок!..

Але куды бегчы, у які бок? Арцёмку здавалася, што з кожнага акна на яго глядзяць людзі, асуджаюць, лаяць: ай-я-яй! Знайшоў пісталет, і прысвоіў. А не, каб здаць яго ў міліцыю!.. Як усе нармальныя людзі паступаюць!.. Адумайся, хлопчык!.. Пакуль не позна!..

Арцёмка спыніўся, паглядзеў на вокны. На яго здзіўленне, нікога ў тых вокнах не бачна. Усе яшчэ спяць. І ён вырашыў ісці спярша ў Брылёўскі сад, там можна надзейна схавацца, а пасля, адтуль, можна будзе перабрацца куды-небудзь далей ад людскога вока…

Знайсці б толькі мішэнь.

11.

Ужо бліжэй к другой палавіне дня, калі Арцёмка надзейна схаваў пісталет, ён вярнуўся ў мікрараён – без зброі, калі тая не адцягвае кішэнь, можна хадзіць. Палічыў грошы: на сціплы абед ім абодвум хопіць, а колькі каштуе тая мішэнь – невядома, ды і ці прадаюцца яны дзе, – таксама загадка. У ціры хіба што выпрасіць? Але ж адразу пачне той дзядзька роспыты ладзіць: навошта, куды?.. А ў рэшце рэшт і скажа: нельга, у мяне строгі ўлік.

У ціры хапае мішэняў. Арцёмка пацёрся каля стралкоў, доўга стаяў перад ціршчыкам, а тады – і адкуль такое ўзялося ў яго, пазней і сам сабе не адкажа?– прыдумаў наступнае:

– Мне трэба потым паказаць мішэнь дзядулю. Ён не верыць, што я ўмею спраляць, прынясі, кажа, пакажы, тады я табе буду даваць грошы з кожнай пенсіі на пулькі. Дык аддасцё мне тады мішэнь, а, дядзька? Скарыстаную? У мяне на дзве пулькі грошы ёсць…

Ціршчык, як і чакаў Арцёмка, не пагадзіўся:

– А як я потым спішу пулькі, малады чалавек?

– А як вы спісваеце, калі я, напрыклад, буду страляць па жалезных мішэнях, па вавёрцы ці мядзведю? Там дзірачак не бывае, а?

Ціршчык замахаў на Арцёмку рукамі:

– Хлопчык, альбо страляй, альбо ідзі адсюль і не замінай іншым? Ну, чаго стаіш? Рашай!

Арцёмка, перш чым пакінуць цір, яшчэ раз уважліва паглядзеў на мішэнь і вырашыў яе зрабіць сам. Яшчэ можа і лепшую. Толькі трэба знайсці недзе агрызак фанеры ці якую кардонку і кавалачак крэйды.

Дружок, пакуль Арцёмка быў у ціры, чакаў яго, а як толькі хлопчык паказаўся, завіляў хвосцікам.

– Не дае мішэнь, скнара ён, – паскардзіўся сабачку хлопчык.– Можна падумаць, я плакаць буду. Знайду.

Хадзіць жа ў сваім мікрараёне даводзілася асцярожна, трэба было востра трымаць вока: калі Міронава сустрэнецца – яшчэ паўбяды, а раптам хто іншы ці нават настаўніца, і куды потым падзенешся? Калі б яшчэ адзін быў, тады прасцей, а з сабачанём не ўцячэш – будзе бегчы і гаўкаць, тады адразу на іх і наскочыш.

Каля камка, дзе прадаюць смачныя хлебныя чыпсы, Арцёмка пачуў страшны аповед. Сёння ноччу два бандыты напалі на “Банкамат”, забралі ўсе грошы і стралялі па вартаўніку крамы, у сцяну якой уманціраваны той банкамат. Забілі вартаўніка, кажуць, напавал. А пісталет выкінулі ў куст каля возера. Рабаўнікоў затрымалі, тыя паказалі, куды выкінулі пісталет, але там яго не знайшлі. Цяпер усюды шукаюць той пісталет…Увесь горад міліцыя падняла на ногі…