Читать «Варона» онлайн - страница 177

Васіль Ткачоў

— Набярыка-ка яго, – прапанваў Хвастоў Сёмкіну, – і скажы, што верш бачылі.

— Зараз, зараз скажам, – Сёмкін дастаў мабільнік, паслаў выклік Кудзелькіну.

Былыя аднакурснікі бачылі, як Кудзелькін спыніўся, важна дастаў свой тэлефон з кішэні палітона, пацікавіўся, хто турбуе, і запіхнуў мабільнік назад.

– Ну, а цяпер ты набяры , – паглядзеў Сёмкін на Хвастова. – Можа, не распазнаў, хто паслаў выклік?

Хвастоў так і зрабіў. Зноў паўтарылася тое, што і з Сёмкіным. Дастаў – паглядзеў – схаваў.

Хвастоў і Сёмкін пашкадавалі, што згубілі, падобна на тое, таварыша, і каб нейкім чынам нагадаць яму пра сябе, паклікалі ў два галасы: “Па-эт! Па-эт! Па-эт!”

Кудзелькін адразу ж павярнуўся. Ну, па-першае, прыемна, што на цябе звярнулі ўвагу прахожыя як на паэта, а, па-другое, яму нічога не заставалася больш рабіць, як памахаць былым аднакурснікам рукой: ад пільнага вока тых нікуды не схаваешся. Памахаў, нешта прамумкаў сабе пад нос, і важна пакрочыў далей. Паходка – паглядзелі б! Ішоў роўна, нетаропка, горда задзіраючы нос.

А што будзе з ім, калі яшчэ чатыры радкі напіша?

Пра гэта якраз доўга маракавалі Хвастоў і Сёмкін.

І не маглі ўявіць.

АПРАЎДАННЕ

Надоечы ляжаў Мармалюк у бальнічнай палаце пад кропільніцай, і думкі самыя страшныя падкраліся. Недарэчныя, можна і так сказаць, думкі. Пра смерць. Як не круці, кажуць у народзе, а трэба памярці. Зажмурыў ён вочы, і быццам перад ім з’явілася сама Смерць з касой. У парозе стаіць. Нахабная такая, вочы з маланкавым бляскам.

– А ну збірайся, стары, – кажа,– хопіць неба капціць. Надакачуў ты ўжо ўсім, Мармалюк. І жонцы, і дзецям… Не кажучы ўжо пра медыцынскі персанал. Не вылазіш з лячэбніцы. Толькі тут цябе я і бачу. Пара паміраць. Ну, скажы, якая з цябе карысць, хоць ты і жывеш?

Мармалюк і сапраўды задумаўся: так-так, а якая карысць? З жонкай ужо даўно не спіць, грады не капае, бо хвароба на хваробе – ні сагнуцца ні ўстаць, тэлевізар глядзець страшней, чым вось з ёй, Смерцю, сустракацца. Гэтая хоць з касой, а там жа на кожным канале забіваюць, рэжуць, гвалтуюць, страляюць, падрываюць, калечаць, нявечаць… Жах! Мармалюк ужо быў і хацеў сказаць Смерці: “Забірай, касая! Думаю, там горш не будзе!”, аднак раптам успомніў, што не можа пакуль пайсці з ёю. Ранавата. Як жа пойдзеш, разважаў ён сам з сабою, калі не падыйшла яшчэ чарга рабіць аперацыю на воку, катаракта, трэба абавязкова паставіць замежны хрусталік? Запісалі на чаргу і да кардыёлага. Зноў жа, стаў на чаргу і ў траўматолага, каб замяніць чашачку ў калене – свая, кажуць, сцёрлася, бо шмат паблукаў на свеце. Забыўся, во! І новыя ж сківіцы трэба ж яшчэ паставіць. Абавязкова. Цяпер жа столькі ўсяго смачнага!

Мармалюк уздыхнуў, расплюшчыў вочы. Бутэлька ў кропельніцы апаражнілася, пара клікаць медсястру. Але перш, чым зрабіць гэта, ён тыцнуў у парог, дзе стаяла Смерць з касой, кукіш: пайшла прэч, акаянная! Бачыш, колькі спраў яшчэ не дарабіў?!