Читать «Варона» онлайн - страница 78

Васіль Ткачоў

Кантралёрша выцірала насоўкай слёзы на вачах Арцёмкі, а ён не саромеўся іх, слёз: плакаў амаль наўзрыд. Ніколі раней ён так не плакаў. Жанчына як магла суцяшала яго, а тады сказала, лагодна і цёпла:

– Калі падрасцеш, тады і з’едзіш да дзядулі з бабуляй. Добра? А цяпер не плач. Што ўжо цяпер? Слязамі не паможаш…Мамку б мне тваю ўбачыць, халеру!..

З аўтавакзала Арцёмка з Дружком ішлі надта доўга... Ды і не ішлі яны – цягнуліся…

Ім не было куды спяшацца.

9.

Міронава некалькі разоў прыходзіла ў падземны пераход, спадзявалася зноў убачыць там Арцёмку, аднак кожны раз дарэмна. Але ж як можна было сустрэць там аднакласніка, калі ён больш не з’яўляўся ў пераходзе.

А ў класе чакалі: дык калі ж ты нарэшце скажаш нам што-небудзь пра Арцёмку, Міронава?

Дзяўчынка не ведала, што адказаць. Аднак і саромелася прызнацца, што ён пабіраўся, як жабрак, у пераходзе.

Хіба ж гэта скажаш?!

10.

Спаць у кусце хораша. Куст вялікі і густы, вырас ён на самым беразе возера.Тут некалі быў кар’ер, капалі гліну, і таму з люстраной паверхні цягне прахалодай. Але хораша, відаць, толькі аднаму яму, Арцёмку. Што ж да Дружка, то асабліва ўдзень таму бывае душна, склычанае шарсцінне на ім так і вісіць, а грошай, каб купіць нажніцы, ужо няма. Разляцеліся, што пыл. Цяпер вось і думай: як жыць далей? Давядзецца, нічога не паробіш, набрацца смеласці і нахабства, меркаваў хлопчык, і паказацца дома. Канешне, бойфрэнд Калян адразу ж накінецца на яго з кулакамі: дзе грошы, у цябе пытаюць, нягоднік? Можа, канешне, і ўдарыць, а маці, як заўсёды, не заступіцца, а толькі адвернецца і будзе ціхенечка румзаць. Вядомая справа. Не ўпершыню. Гэта яшчэ добра, што Арцёмка маўчыць у такіх выпадках, як вады ў рот набярэ, і тады таму нічога не застаецца, як супакоіцца, астыць.

– Трэба ісці здавацца, – кажа хлопчык Дружку.– Я б, можа, яшчэ пратрымаўся, бляшанку кансерваў, сам жа бачыў, я схаваў, з голаду не памрэм, толькі мне ў школу трэба. Гэта табе добра, не трэба туды хадзіць. А я хачу… ведаеш, кім я хачу стаць, Дружок? Не? Калі шчыра, дык я і сам не ведаю. Мне багата кім хочацца стаць. Ты смяяцца, пэўна, будзеш, але я хачу стаць доктарам… каб людзей лячыць… Вусы адпушчу… Толькі калі ў мяне таксама вырастуць рыжыя вусы, як у таго доктара, у якога мы былі з мамай, тады не буду адпускаць… Я б яшчэ і міліцыянерам стаў, каб абараняць людзей… Няма, кажаш, ад каго? Можа, і так… Але б мяне тады бойфрэнд Калян і пальцам не крануў!.. Раніцай пойдзем здавацца. У кватэру яны цябе, канешне, не пусцяць… Ды ты і сам там не захочаш жыць… Тады я табе зраблю будку, у нас якраз першы паверх, і табе будзе там яшчэ лепш… Пад акном…Слоікі з-пад кількі быдзеш вылізваць замест мяне… А то як што, адразу: Арцём, вылізвай… А пакуль, Дружок, спім…

Арцёмку разбудзілі стрэлы. Адзін, другі… Што, зноў сон? Ён прачнуўся канчаткова, і ўжо выразна чуў, як побач, па сцяжынцы, пратупалі людзі, Дружок ажно не вытрымаў, заскрыгатаў зубамі, пачаў лаяць, і адзін дзяцюк, што адстаў крыху, кінуў у куст – на голас сабакі, мусіць – нейкі чорны прадмет. Неўзабаве ўсё сціхла, пачынала днець, таму Арцёмка добра разгледзеў, што то быў за прадмет такі – гэта быў пісталет, які ён дзесяткі разоў, калі не больш, бачыў у кіно. Хлопчык дрыжачамі рукамі выняў магазін, там было яшчэ некалькі патронаў.