Читать «Варона» онлайн - страница 81

Васіль Ткачоў

–Потым, потым, Арцём пра гэта. Ты мне адкажы: калі будзеш у школе? Запомні: я ад цябе не адстану, пакуль не пачую канкрэтны адказ. Буду хадзіць за табой… Куды ты, туды і я. Май на ўвазе.

Арцёмка адразу ўспомніў пра пісталет, пра мішэнь… І зноў абрадаваўся: а гэта ж якраз і момант!.. Хто, калі не Міронава?..

Ён і сказаў:

– Згода. Заўтра іду ў школу. Так і быць. Але і ты мне павінна памагчы. Поможаш?

– Што трэба?

– Мішэнь…

– Якая яшчэ мішэнь?

– Самая звычайная.

– Ты што – стралок?

– А нікому не скажаш?

– Я ж не сказала, што ты грошы клянчыў… – нагадала Міронава.

– Прымаецца. Тады вось што… Прынясі мне кавалачак крэйды. Збегай у школу, не палянуйся. А фанеру я нагледзеў… каля сметніка.

– Арцём, дзе тваё сумленне?

– А што?

– Каля сметніка… Што, у горадзе няма больш мясцін, дзе б ты мог хадзіць? Ты ў музеі быў хоць раз? У тэатры?

Арцёмка перапыніў дзяўчынку:

– Хопіць! Лекцыю я і дома паслухаю. Хоць не пра музей і тэатр. Там спытаюць: дзе я грошы падзеў, якія сабраў? Можна падумаць, што я ўвесь той час, які бадзяўся вось з Дружком, паветра еў. Аднак хопіць пра гэта. Зрабі для мяне, Ленка, добрую справу – прынясі, калі ласка, крэйду…

– А не ўцячэш?

– Зуб даю!

– Апошні раз, Арцёмка!– Міронава крутнулася на абцасіку і падалася ў напрамку школы.

Дружку хлопчык сказаў:

– Яна добрая, Ленка… І пра пісталет нікому не скажа… Хаця… хаця пра яго будуць неўзабаве ўсе ведаць і так… А хлопчыкі нават на смех падымуць: навошта аднёс, дзівак?.. Эх, нам бы яго!..

Пакуль Ленка бегала за крэйдай, Арцёмка схадзіў за кавалкам фанеры. А вось і яна. Моўчкі падала крэйду, а толькі тады, дыхнуўшы на пасмачку валасоў, што вісела на лбе, пацікавілася:

– Ну, і што далей?

– А далей – я адзін…

– Нізашто! Куды ты, туды і я. Я ж сказала. Я, між іншым, і з бабуляй размаўляла…

– Вось яшчэ!

– Ні “яшчэ”! Сказала, што табе пакуль няма дзе жыць. Бабуля дазволіла спыніцца ў яе, пакуль дома ўсё наладзіцца. З міліцыі, дарэчы, наконт цябе ў школе цікавіліся…

– З міліцыі?

– З міліцыі.

– Што яны там?..

– А я адкуль ведаю?

– Учора былі ці сёння?

– Учора…

Арцёмка з палёгкай уздыхнуў: учора ў яго яшчэ не было пісталета. Успомніўшы пра яго, ён адразу ж пачаў маляваць мішэнь. Атрымалася не такая прыгожая і правільная, як у ціры, аднак кропка ў цэнтры – дзесятка – была яшчэ лепшая. Яе здалёк убачыш. І толькі цяпер Арцёмка зразумеў, што яму няма чаго хавацца ад Міронавай, яна – свая, з ёй яму заўсёды бывае лёгка і надзейна, ён не стаў яе адпрэчваць больш, як і запрашаць з сабой, бо навошта, калі ж сама сказала, што не адстане… Яна і не адстае. Ён з Дружком наперадзе, Міронава – ззаду. Толькі адзін раз пацікавілася:

– Ты куды, Арцём?

– Там убачыш…

У Брылёўскім садзе хлопчык адкапаў пісталет, загорнуты ў майку, не стаў хваліцца знаходкай перад Міронавай, а толькі шматзначна паглядзеўшы на яе, пайшоў далей. Куды ішоў – ён і сам не ведаў. Ведаў толькі адно: трэба забрацца падалей ад людзей, каб не было чуваць стрэлаў.

За гарадской рысай пачаўся хмызняк, потым пайшоў палетак, яго змянілі катэджы, а вось і узлесак. Арцёмка прымацаваў на ствале сасны мішэнь, паглядзеў на Міронаву: