Читать «Варона» онлайн - страница 82

Васіль Ткачоў

– Калі баішся, схавайся.

– Я пра ўсё здагадалася. Дык вось ён дзе, той пісталет, які шукаюць! Цябе ж пасадзяць, Арцём! Не рабі глупстваў!..

Арцём больш не слухаў дзяўчынку – у ягоных руках была зброя, самая сапраўдная, і ён раптам адчуў сябе дарослым, адчуў сябе якраз тым чалавекам, якому нічога не страшна. Ён навёў мушку на кропку, выведзеную крэйдай у самым цэнтры. Дзесятка. І хоць раней ніводнага разу, нават у ціры, Арцёмка не страляў, але быў надта ўпэўнены, што зможа выдатна зрабіць гэта ён з першага разу. Падумаеш! Хіба ж не бачыў, як у кіно страляюць!.. Там толькі так!.. Уго!.. Трапна!... Напавал!..

Ён падняў руку з пісталетам перад сабой, выцягнуў яе, пачаў цэліцца… І раптам жахнуўся: што гэта?! Куды падзелася тая кропка, выведзеная ў самым цэнтры мішэні? Ён глядзіць на яе… доўга, да слёз уваччу…і бачыць замест той кропкі твар бойфрэнда Каляна…Суседа, які ўдарыў яго кулаком у жывот толькі за тое, што ён жыве побач з ім, відаць… Мамы… Гэта што, твар мамы?..

Рука ў хлопчыка затрэслася, ён гучна крыкнуў:

– Не-е-е!

У гэты самы момант Дружок падскочыў і схапіў зубамі Арцёмку за рукаў, і пісталет выпаў на шыгалле. Сабачка цопнуўся перад ім на жывот, а калі хлопчык хацеў падняць зброю, каб зноў загарнуць у майку, паклаў на пісталет пярэднія лапкі і ўсім сваім выглядам паказваў: мы з табой так не дамаўляліся, гаспадар!..

Гледзячы на Дружка, Арцёмка ўспомніў пра нажніцы.

Міронава выручыць.

Апавяданні

ДРОВЫ

Смурыжачы ботамі па свежым сняжку, які нарэшце парадаваў вяскоўцаў не толькі сваёй чысцінёй і беллю, але і проста доўгачаканым з’яўленнем, Ігнатаўна мінула агарод, прычыніла за сабой веснічкі, на якіх пакаталіся аблачынкі-гурбачкі снегу, і толькі тады, перш чым выбрацца на замецены асфальт, успомніла, што забылася дома пісьмо, якое складала ўчора амаль увесь вечар. Як жа без яго, таго пісьма, ісці? Ці варта? Яна б тады і па тэлефоне магла пагаварыць са старшыней сельсавета – адна карысць. Ці на вуліцы стрэць. Слова, лічыла старая, да справы не прышыеш. А паперка – іншая рэч: яе трэба зарэгістраваць, а гэта Ігнатаўна ведала, і абавязкова ў месячны тэрмін даць адказ. У тым пісьме на імя старшыні сельсавета яна скардзілася на адсутнасць дроў. Зіма ўжо ўсталявалася трывала, а тут гэтая праблема. Раней настаўнікаў, у тым ліку і настаўнікаў-пенсіянераў, а Ігнатаўна якраз і мае статус апошняй, палівам на зіму завяспечваў сельсавет, а раённы аддзел адукацыі акуратна выдаткоўваў на гэта грошы, сёння ж – думай сама, як быць. Твае, адным словам, праблемы. Яна і думала. Ды, відаць, задужа доўга – не ўпільнавала зіму, а яна тут як тут. Чамусьці даверылася сабе і спадзявалася, што ў хлеўчуку запас дроў на першы час маецца з мінулага года, а калі паглядзела на свае вочы, колькі іх там, дроў тых, сапсаваўся настрой: некалькі цурак ўсяго ляжала пад розным друзам.

Вось і села Ігнатаўна ўчора за стол, перад гэтым дастала з шафы ручку і сшытак, і напісала пісьмо-просьбу на імя старшыні сельсавета Сазончыка: няма дроў, дапамажы, паважаны. Не, скардзіцца на Сазончыка не было асаблівай прычыны – да яе, Ігнатаўны, ён адносіўся з паразуменнем, а калі дзён некалькі назад ўжо зайшла размова пра паліва, то ён шырокім жэстам паказаў на школу: заўтра-паслязаўтра, Ігнатаўна, пачнем бурыць яе, то дроў будзе – хоць на тры зімы наперад. А вось брыгаду, хто б назапасіў табе дроў, камплектуй сама. Ты ж былая настаўніца, вунь колькі тваіх вучняў жыве сёння ў вёсцы!