Читать «Варона» онлайн - страница 77

Васіль Ткачоў

Неўзабаве жаночы голас на ўсю залу абвясціў, што пачынаецца пасадка на аўтобус, які пойдзе на Паплавы.

– Дружок, пад’ём!

Сабачка паслухмяна вылез з-пад лавы, атрос з сябе бруд, што так і ліпне да яго.

– Пайшлі. Наша пасадка.

Перад уваходам у салон утварылася чарга, жанчына, відаць, кантралёр, правярала квіткі, а шафёр сядзеў на сваім месцы за рулём і корпаўся ў паперах. Узяла жанчына квіток і ў Арцёмкі, надарвала яго і адарзу ж вярнула, а калі той прапусціў перад сабой Дружка, залямантавала:

– З сабакам? Куды? Нельга! Дакумент ёсць?

Арцёмка разгубіўся, ціха адказаў:

– Няма…

– Выходзь, хлопчык. Выходзь, выходзь!

Арцёмка не ведаеў, выходзіць яму ці што рабіць, таптаўся на адным месцы, на яго ўжо пачалі шыкаць пасажыры, каб не затрымліваў пасадку, а калі выскачыў з салона Дружок, ступіў на зямлю і ён. Паглядзеў на цётку кантралёршу, і сказаў ёй:

– Я ж памыў яго! Ён чысты!

– Такіх сабак – вунь колькі! Не хапала яшчэ катаць іх усіх!..

– Правільна, правільна,– хвалілі цёткі і дзядзькі кантралёршу, і тая была на сёмым неба ад шчасця: я сваю справу ведаю, грамадзяне, не думайце!..

Калі ў аўтобус зайшлі ўсе пасажыры, кантралёрша ўсё ж глянула на Арцёмку, і быццам спачуваючы яму прапанавала:

– Кідай яго, і залазь. Чуеш? А то зараз адпраўляецца аўтобус. Табе дакуль ехаць?

– Да Паплавоў…

– Пачакай, Міця! – кантралёрша папрасіла шафёра, а сама падыйшла бліжэй да Арцёмкі і Дружка. – Да Паплавоў, кажаш?

– Так.

– А да каго ж ты там? – яшчэ больш настойліва дапытвалася кантаралёрша.

– Да дзядулі з бабуляй…

– А хто ж яны, твае дзядуля і бабуля?

– А вам нашто?

– Я ж сама з Паплавоў.

– Праўда? – у Арцёмкі засвяціліся вочы.– Тады, можа, прапусціце нас?

– Але спярша скажы, хто твае дзядуля з бабуляй?

– Дзед Іван і баба Мар’я. Прыгожыя такія…

І тут нешта здарылася з кантралёршай, не інакш: яна заперхала, адвярнулася ад хлопчыка, а калі супакоілася траха, паглядзела на шафёра і махнула рукой: едзь, Міця.

– А яшчэ землякі…– пакрыўдзіўся Арцёмка і пагладзіў Дружка. – Прапаў білет.

– Білет? – ачомалася нарэшце кантралёрша і працягнула руку.– Давай яго мне, я здам. Табе грошы вернуць, хлопчык. За гэта не хвалюйся.

Яна павяла Арцёмку за сабой, здала білет, вярнула грошы.

– Дык ты, значыць, Верчын сын?

– Ага.

– Няўжо маці табе не сказала, што дзед Іван і баба Мар’я…

– Што, што яны, цётка? – нецярпліва тузануў жанчыну за рукаў хлопчык.– Што яны?.. Гаварыце ж вы!..

– Што тут гаварыць, калі няма ж іх ужо… Памёрлі яны, хлопчык… На кладах… Харошыя былі людзі… І сапраўды – прыгожыя…