Читать «Варона» онлайн - страница 76

Васіль Ткачоў

Дома пашанцавала Арцёмку не менш, чым у краме: маці і бойфрэнд Калян спалі ўпокат, а дзверы ж без замка, таму ён хуценька пераапрануўся і неўзабаве быў ужо каля Дружка. Пагладзіў таго, забраў грошы ў схованцы і гучна, радасна сказаў:

– На аўтавакзал! А ў дзядулі з бабуляй нажніцы павінны быць!..

7.

У класе доўга думалі-гадалі, што магло б здарыцца з Арцёмкам. Раней такога за ім не назіралася, каб прапускаў заняткі. А тут ужо які дзень адсутнічае. Масла ў полымя падліла і Міронавана, якая – помнім жа – прызналася, што бачыла яго, а дзе і чым ён займаўся – аб тым усяляк утойвае. Інтрыга. Нават хлопчыкі заварушыліся: хто, як не мы, павінны ўсё разведаць? Дэлегацыя з трох аднакласнікаў накіравалася пасля заняткаў на кватэру Арцёмкі. Ім адчыніў бройфрэнд Калян, заспаны і злосны. Паглядзеў нялюба на хлапчукоў, нешта прабурчэў сабе пад нос, а каб тыя далей парога не ішлі, паставіў паміж дзвярыма і вушаком нагу.

– А, гэта вы. А я думаў, што блудны сын знайшоўся. Чаго прыйшлі?

– Арцёма шукаем, – адказаў адзін з аднакласнікаў.

– Шукайце. Калі знойдзеце. Але скажу вам, сябры мае: ён здзейсніў дрэнны ўчынак. З рук вон. Так сапраўдныя дзеці не паступаюць. Раней бы, калі былі акцябраты і піянеры, за такое маглі б і ўсе рэгаліі адабраць. А? Як?

– Што, што ён такое зрабіў? – насцярожыліся аднакласнікі.

Бройфрэнд Калян зразумеў, што не тое пачаў казаць, таму даў задні ход:

– А вам тое знаць не трэба! А знойдзецца, перадам, што вы прыходзілі, цікавіліся… Бывайце, арляняты!..

Хлопчыкі яшчэ пэўны час тапталіся перад дзвярыма, якія ўжо зачыніліся, і не ведалі, што ім рабіць далей. Вядомая справа, Арцёмкі дома няма і не было ў апошні час. Тады дзе ён? І што такое кепскае зрабіў?

Назаўтра, калі яны прыйшлі на заняткі і расказалі настаўніцы пра тое, што даведаліся пра аднакласніка, у цэнтры ўвагі зноў апынулася Міронава. Настаўніца паглядзела на яе больш строга і патрабавальна мовіла:

– Міронава, ці ты скажаш, дзе бачыла Арцёма і чым ён займаўся, ці я зраблю з цябе не ведаю што!

Міронава насупілася і зацята маўчала.

– Увесь клас чакае адказу ад цябе, – парушыла маўчанне настаўніца.

Клас пачуў ад Міронавай наступнае:

– Можна, я сама яго пашукаю? Я ж абяцала яму не ўсё гаварыць… Нават – нічога… Можна? А?

Ёй палічылі правільным дазволіць.

8.

На аўтавакзале Арцёмка набыў білет да дзядулі з бабуляй, ён ведаў, што жывуць яны ў Паплавах. На ранішні рэйс спазніўся, а другі, і апошні, ідзе пасля абеда. Давялося чакаць. Дружок спаў пад лавай, а хлопчык ласаваўся марожаным і гартаў “Каламбур”. Калі нешта яму траплялася смешнае, тады смяяўся, гучна і весела, а людзі азіраліся на яго і хто ні хто з іх таксама ўсміхаўся: шчаслівы, гляньце, чалавек сярод нас! Канешне, шчаслівы. Каб жа яны яшчэ ведалі, што ён, унук Арцёмка, едзе да дзядулі з бабуляй у госці! Іншы раз, праўда, яму рабілася крыху страшна: а ці пазнаюць і прызнаюць яны яго? Даўно ж бачыліся. Гэта мама казала, што даўно, а ён дык і наогул нічога не помніць. Арцёмка, канешне ж, іх пазнае. Адразу. Ён ведае, якія бываюць дзядулі і бабулі. Добрыя, ласкавыя, спагадлівыя. І абавязкова – сівенкія і мудрыя. Хіба ж не бачыў ён старых, калі хадзіў да сяброў у госці? А чым ужо так гарадскія дзядулі ды бабулі адрозніваюцца ад вясковых!