Читать «Варона» онлайн - страница 75

Васіль Ткачоў

Мыла купіць не праблема, былі б грошы. А яны ёсць! А калі прытупалі на копанку, толькі тут спахапіўся Арцёмка: чым жа паліваць на сабачку? Хоць бы які слоік быў. І тут ён успомніў пра шапку, яна хоць і зімняя, набрыняе ад вады, але ўсёроўна, сцяміў хлопчык, павінна яго выручыць. Ён чэрпаў шапкай ваду, абліваў Дружка, той стаяў паслухмяна, мыліў яго, зноў абліваў… Іншы раз Дружку было, відаць, балюча, тады ён скуголіў, але цярпеў – нібы і сам разумеў, што памыцца трэба абавязкова, бо на каго ж і сапраўды падобны!..

– Цяпер мне з табой ісці не сорамна, – прызнаўся Дружку Арцёмка, і гэта было шчырае прызнанне. – Шапку я закіну, не будзем насіць яе. А дамоў мне трэба забегчы, бо ў такім адзенні не пусцяць на вакзал. Эх, Дружок! Ты вось жывеш і не ведаеш, што недзе ёсць вёска, у якой жывуць мае дзядуля і бабуля? А я ведаю. У тым мая перавага перад табой. Ну што ж, я абяцаў цябе накарміць. Толькі ты ў краму за мной не заходзь, а то цёткі будуць крычаць і могуць не даць нам лівернай каўбасы. Зразумеў?

Дружок апусціў галаву: пытаеш, гаспадар. Рабі так, як табе лепш.

Спярша Арцёмка і сапраўды хацеў набыць у краме шмат лівернай каўбасы, але калі зайшоў туды, у яго і вочы разбегліся. Тут іх, каўбас, хапае самых розных, яшчэ паспрабуй тую ліверную ўбачыць. Але ж ўсе дарагія. Надта. Хлопчык лічыў-пералічваў грошы, зноў, як не раз, распіхваў іх па кішэнях, а тады асмеліўся і папрасіў у прадаўшчыцы:

– Паўкіло доктарскай… з салам што… Нам хопіць на дваіх столькі.

– Каму гэта вам? – пацікавілася прадаўшчыца.

– Ну, мне і Дружку…

– Сабаку, ці што?

– Ага.

Прадаўшчыца паглядзела на гэты раз больш уважліва на Арцёмку, паківала галавой, спачуваючы, канешне ж, пакупніку, а тады выцягнула з-пад прылаўка кулёк і падала Арцёмку:

– Схавай. Дружку твайму. Костачкі.

– Дзякуй, цётка. Тады, можна, каўбасы пакладзіце мені, а то сапсуецца, а?

– Пакладу, як просіш..

– Во дзякуй вам.

Услед Арцёмка пачуў:

– Куды бацькі глядзяць толькі?!

Хай гаворыць яна што хоча, галоўнае ж – пашанцавала. Дружок, лічы, паабедае бясплатна. Трэба яшчэ ўзяць кавалак хлеба і кулёк малака. Калі хлеб застанецца ад каўбасы, тады можна даесці яго з хлебам.

Выходзячы з крамы, Арцёмку хацелася крыкнуць “Ура!”, але ён стрымаўся: Дружок і так бачыў, што яго новы гаспадар ідзе насустрач яму не з пустымі рукамі.

Абедалі каля той жа копанкі. Дружок быў асабліва рады такой пайцы. Частку костачак ён прыкапаў непадалёку, каб умеў гаварыць, то, вярнуўшыся да Арцёмкі, сказаў бы: на чорны дзень.

А потым іх абодвух змарыў сон. І прыснілася хлопчыку, быццам едзе ён з Дружком у вёску ў шыкоўным аўтобусе, і так ім хораша абодвум, так ім весела!.. Але што гэта? За рулём аўтобуса сядзіць… бойфрэнд Калян? Так і ёсць, ён!.. Трэба ўцякаць. Але ж на хаду не скокнеш ? Што рабіць? Як быць? А бойфрэнд глядзіць на іх і рагоча… і быццам пацяшаецца: што, папаліся, нягоднікі-і-і?!..

На гэтым месцы Арцёмка прачнуўся.

– Прысніцца ж! – сказаў ён і паглядзеў на сабачку, які таксама ўжо глядзеў на яго.–Ты будзеш мяне чакаць тут. Мне пераапрануцца трэба. Памяняю штаны, таму грошы схаваю пад кустом, а ты сцеражы. Зразумеў? А то калі трапляюся тым на вочы, вытрасуць усё да дробязі. Акружаць, што і не ўцячэш. Яны, калі выпіць хочуць, страшныя тады людзі, вельмі нават… Сядзі тут, Дружок. Я вярнуся. Бачыш жа, і грошы прыкапаў, каб не думаў, што ўцякаю ад цябе.