Читать «Варона» онлайн - страница 70

Васіль Ткачоў

Бацьку таксама было не да сына – у яго стварылася новая сям’я, і жанчына, якая заняла месца Арцёмкавай маці, была надта злой, нялюбай, як сказаў адзін вядомы пісьменнік, грамадзянкай…

Колькі разоў заходзіў участковы, рабіў заўвагі жанчыне – настаўляў на правільны шлях. Але маці ратаваў Арцёмка – умудраўся вучыцца ён добра, заўваг са школы не паступала. Што яшчэ цікава, дык у адным класе з ім была і дачка ўчастковага, на сходзе неяк яны, Арцёмкава маці і ўчастковы, нават сядзелі побач. Размова пра дзяцей зацягнулася, жанчыне надакучыла слухаць ўсё гэта, і яна штурханула ўчастковага ў бок, а быў ён у цывільным адзенні, і прапанавала:

–Піва не вып’ем?

Трэба было бачыць вочы участковага!

Калі прыходзіў Арцёмка са школы, ён абедаў. На стале можна было знайсці тое-сёе з ежы. Ён адной рукой адганяў мух, а другой піхаў у рот хлеб, рыбку з кансервы ці кавалачак каўбаскі, у якой ад спёкі папражылася сала, і таму той скрылёк каўбаскі нагадваў яму нейкага смешнага чалавечыка: гэта – вочкі, гэта – носік, гэта – роцік…

Неяк мамін бойфрэнд Калян, як назваў ён сябе, звярнуў увагу, што Арцёмка не столькі падсілкоўваецца, колькі забаўляецца з каўбасой, а гэта, даруйце, ужо з рук вон выходзячы выпадак, і падаў свой голас:

–Табе што, можа нясмачна?

Арцёмка працягваў забаўляцца з каўбасным чалавечыкам.

–Я паўтараю: табе што, нясмачна?

– Я ў школе еў, – ціха адказаў хлопчык.

– Тады вылазь з-на стала і не займай месца! – і бойфрэнд Калян паглядзеў на маці, якая стаяла побач і не ведала, што ёй сказаць.– Яму, гляньце вы, ужо мая каўбаса, што я прынёс, у рот не лезе. Калі такі граматны, дык сам зарабляй і ўплятай тое, што прынясеш. А, ты яшчэ школьнік? Разумею, разумею. І я быў школьнікам, і мамка твая ацістат мае, вунь у шафе ляжыць… з аднымі пяцёркамі… сам бачыў… на свае вочы… Спярша не паверыў, што выдатніца…

– Да медаля не хапіла адной пяцёркі, – уставіла маці.

— Чуў? Не, ты чуў, Арцём? – бойфрэнд Калян ужо вісеў над ягоным вухам.

Хлопчык не вытрымаў, сказаў спакойна, але гучна:

— Ды чуў, чуў!

— Ты голас не павышай. Саплівы шчэ. Так, маць? Ну, вось, бачыш, і мамка на маім баку. А разумнага чалавека паслухаць не лішнім будзе. Ці табе дакумент паказаць? Магу прад’явіць. У разгорнутым выглядзе. Я, праўда, універсітэтаў не заканчваў, аднак маё ПТВ ужо сёння – каледж. Вялікімі літарамі на фасадзе напісана. Чуў, каледж! А гэта па сённяшніх мерках – тэхнікум. Так што май на ўвазе. А калі смачна есці хочаш, то я пакажу табе, як зарабляць грошы. Можа, што і нам з маткай перападзе, а? Чуеш, маць? А гэта ідэя, між іншым!..

Бойфрэнд Калян так увайшоў у ролю выхавальніка, што нават не заўважыў, як Арцёмка выслізнуў з кватэры. Калі сцяміў, што да чаго, вадзіў толькі галавой па баках, пытаўся ці тое ў самога сябе, ці ў Арцёмкавай маці:

– А дзе гэта ён, шчанюк?

4.

Настаўніца паглядзела на парту, за якой павінен быў сядзець Арцёмка, а потым на акацыю, і ўслых сказала: