Читать «Варона» онлайн - страница 68

Васіль Ткачоў

Піва нам не трэба. Ну яго. Нам добра будзе каша, а калі хопіць той капейкі, то катлеты і кілбаскі таксама не пашкодзяць.

А цяпер дарослыя спрачаюцца, хто б мог выдаць Мікіту, і чамусь-ці ўсе падтрымліваюць Тамаша, што гэта нашкодзіў Лізавецін пры-мак, і калі раней цётка абараняла яго, то цяпер маўчыць. Як вады ў рот набрала.

Нехта паказаў і ў бок Гіршы Моцкіна, бо той нездарма абжыў кузню – ён гэтага толькі і дабіваўся, каб прагнаць з яе каваля. Вось і наплявузгаў. Дзядзька Хвядос заступіўся за Гіршу Моцкіна, сказаў, што дабрэйшага чалавека, чым ён, няма ва ўсім свеце.

Трэба, сказаў дзядзька Хвядос, пачакаць крыху, а там стане ўсё на сваё месца: высветліцца...

Пачакаем і мы. Нам няма куды спяшацца. Хіба што ў школу.

А ў школу мы любім хадзіць. Там можна не толькі нешта цікавае даведацца, а спадцішка тузануць за касу і Надзейку...

22. ЭПІЛОГ

Дзядзька Хвядос гладзіў печ рукой, пяшчотна і з замілаваннем, і гаварыў ёй, як жывы жывому:

– Ты, печ, жанчына. І табе, бачу, сумна адной. Пагаварыць няма з кім, языкамі памянціць – ну, а як жа: жыццё ёсць жыццё, тут ні ўбавіць, ні прыбавіць. Заўтра я табе жанчыну прывяду, Моцяй зваць. Будзеце разам і варыць, і на чарэні грэць нас, мужчын. Мужчын таксама прыбавіцца. Ты помніш Петрыка добра. Як жа. Свой чалавек Петрык. Так што, печ, з заўтрашняга дня табе весялей будзе. І нам усім, заўваж. Раніцай запражэм каня, і прывязём гаспадыню з усім яе няхітрым скарбам у нашу хату. Адабраеш мяне, печ? За разуменне дзякуй табе. Дзякуй.

Мне пачулася, нібы печ адказала дзядзьку Хвядосу...

Назаўтра мы з Петрыкам перавезлі ўсе яго рэчы, а цётка Матруна прыйшла сама.

Топчацца па хаце, на гэты раз без ручніка на плячы, бадзяецца з кутка ў кут, быццам месца сабе не знаходзіць, і ці тое ад радасці, ці тое ад чаго – плача. Плачаш, дык плач: дзядзьку Хвядосу няма калі цябе супакойваць, на ім увесь калгас, ды неабходна і дырэктара школы адвесці ў Петрыкаву хату – ён будзе жыць там.

Петрыку пашанцавала, нічога не скажаш: іншы раз ён можа і забегчы ў сваю хату, быццам нешта забыўся там, а заадно і дырэктару лішні раз паказацца на вочы, таму можа нават выбіцца і ў выдатнікі.

З дня на дзень трэба ехаць за Кастусём у мястэчка, а ў нас бяда стрэслася: забаўляючыся, мы недзе згубілі нашу вялікую капейку, за якую збіраліся паабедаць у сталоўцы. Шкада і крыўдна. Нам жа вельмі хацелася гарадской кашы. З акрайцам белага хлеба.

МІШЭНЬ

1.

На ўроку Арцёмка забыўся пра настаўніцу і аднакласнікаў – ён, не адрываючыся, глядзеў у акно. Настаўніца без асаблівага папроку ў голасе заўважыла яму:

– Ты што, птушачак лічыш?

Хлопчык надзіва спакойна, не паварочваючы галавы на голас, адказаў:

– Не, галінкі…

І працягваў іх лічыць, толькі цяпер ужо больш смела і адкрыта – нават торкаў пальцам на тыя самыя галінкі, якіх на старой акацыі, што захінула сабой ад белага свету акно і стварала нейкім чынам ціш і спакой у класным памяшканні, было вельмі многа, вельмі!..