Читать «Варона» онлайн - страница 69

Васіль Ткачоў

Нават каб не празвінеў званок на перапынак, хлопчык усё роўна б не паспеў іх палічыць, тыя галінкі. Ці дакладней сказаць – не здолеў бы: дрэва мае густую крону, у ёй гуляе-сваволіць ветрык, таму галінкі зрэдчас гойдаюцца, калываюцца, яны то з’явяцца, то зноўку прападуць: паспрабуй усачыць за імі. Нібы дражняцца з Арцёмкам.

Аднак ён даў сабе слова калі-небудзь усё ж даведацца, колькі галінак мае акацыя. Наперадзе было яшчэ шмат урокаў, і гэта цешыла хлопчыка.

2.

Учора Арцёмку маці вадзіла ў паліклініку, доктар прыпісаў яму кроплі ў нос і адвар ад прастуты – каб не сіпела ў горле – і папрасіў стаць спярша на шалі, а затым памерыў ягоны рост. Там жа, у тым чысценькім несамавітым пакойчыку, хлопчык і даведаўся, што мае рост 145 сантыметраў, вагу – 38 кілаграмаў. Многа гэта ці мала – усе тыя лічбы яму мала аб чым гаварылі, а калі апынуўся на вуліцы, і зусім забыўся на іх. Ён не ведаў, вядома ж, паколькі вышмыгнуў раней, што маці доктар параіў даваць яму больш вітамінаў і наогул каларыйнай ежы, на што тая, седзячы на канапе і цікуючы за кожным рухам мужчыны ў белым халаце з рыжымі вусікамі пад носам, толькі ўздыхала, ківала-пагаджалася: канешне ж… я разумею… вядома ж… пастараюся… А ўжо калі прычыніла дзверы кабінета, нібы апраўдваючыся перад людзьмі, што чакалі сваёй чаргі на прыём, сказала:

– Расце ж калі!..

3.

Кватэра, у якой жыў Арцёмка разам з мамай, нагадвала сметнік. Сюды прыносілі ўсё, што лічылі патрэбным, яе сябры – такія ж лахматыя, нечасаныя, зморшчаныя і чорныя, падобныя на неграў, дзядзькі і цёткі. Тут была іх база, ці што. На гэтай базе яны пераапраналіся ў новую адзежу, рабілі гэта весела і крыху нават урачыста, не шкадавалі адзін аднаму кампліментаў. Тую ж вопрадку, што знімалі з сябе, адносілі назад на сметнік: яна адслужыла ім спаўна, дзякуй. Мы – прыфранціліся!..

На гэты раз трапіліся добрыя, амаль што як новыя, рэчы і для Арцёмкі.

– Гэта – сыночку, – прыціскала да грудзей кашулю і парткі маці, радавалася, і было такое ўражанне, што яна выбірае рэчы для сына ў краме, а вакол яе шчыруюць прадаўцы – не менш шчаслівыя, чым жынчына: сёння кожнаму пакупніку там рады. – Праўда ж, хвасон добры?

Ёй нехта казаў ухвальнае, тады Арцёмкава маці прамакала вочы той жа кашуляй альбо тымі ж парткамі, і да таго часу, пакуль не прапаноўвалі зноў шклянку з віном, сядзела на табурэце, смактала цыгарку і прыгадвала тое-сёе са свайго жыцця. Недзе ў прыватным сектары жыве яе першы і апошні муж Валік, Арцёмкаў татка. Прыгожы, няроўня гэтым мужчынам, што прыходзяць у яе аднапакаёўку калі ім уздумаецца – ноччу дык ноччу, удзень дык удзень. Суседзі спярша шыкалі, усяго можна было чакаць ад гэтых бамжатнікаў, а потым змірыліся: прайшлі чуткі, што адключылі газ за няўплату. Яны, суседзі, шкадавалі толькі Арцёмку, бо хлопчык ходзіць у школу, яму ж урокі трэба вучыць, а ён, нябога, жыве ў гэтым пекле. Дакаралі за гэта – што асабліва дзіўна – не маці, якая зусім спілася і згубіла чалавечы твар і жаночы гонар, а бацьку: маўляў, пацікавіўся б, як жыве сын, ды забраў да сябе, а то, чаго не ўбачыш, зусім прападзе хлапец.